Лукашэнка: Нам не па дарозе з ніводнай дзяржавай
Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад самаўладдзя.
03.09.2009 / 09:46
Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад самаўладдзя.
Падчас працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласць беларускі кіраўнік заявіў, што будзе развіваць партнёрскія стасункі як з Расеяй, так і з Захадам, але пры ўмове захавання манаполіі на ўладу.
«Развароту, павароту няма і быць ня можа. (…) У нас шматвектарная вонкавая палітыка, а усё астатняе - гэта пустыя выдумк», — сказаў ён.
«Расея была і будзе брацкай, роднай нам дзяржавай. А Захад — гэта высокатэхналагічны цэнтр, нашы суседзі, там палова нашага тавараабароту. І гэтым усё сказана», — сказаў Лукашэнка.
Ён лічыць магчымым уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю саюзам «траіх» — Беларусі, Расеі, Казахстану.
«Пажывём — пабачым. Калі атрымаецца, што запланавана, то будзе выдатна (…) Нават калі мы не ўступім пакуль у СГА, то нам усё роўна выгадны гэты мытны саюз», — заявіў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка сказаў таксама пра праблемы з Захадам.
«Калі з Расеяй у нас няма практычна ніякіх глабальных праблем, то з Захадам вы ведаеце нашыя адносіны (...) Хоча Захад з намі супрацоўнічаць паводле прынцыпаў, на якіх ён супрацоўнічае з іншымі дзяржавамі, — то мы з задавальненнем будзем гэта рабіць», — заявіў Лукашэнка.
«Што для нас непрымальна, то я ўжо сказаў: калі хочуць разбурыць краіну і зламаць той курс, які ў Беларусі праводзіцца, то нам не па дарозе з ніводнай палітычнай сілай, з ніводнай дзяржавай», — зазначыў Лукашэнка.
Як вядома, Захад патрабуе змены ў Беларусі самаўладдзя Лукашэнкі на дэмакратыю.