За каментарыі затрымалі трэнера па гандболе. Распавядаем, хто ён
Стала вядома пра затрыманне 41-гадовага жыхара мястэчка Зэльва Міхаіла Міхуты.
23.05.2022 / 12:36
Фота: сацсеткі
Сілавікі паведамляюць, што затрымалі мужчыну за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «абразу прэзідэнта».
Міхаіл — гандбаліст і трэнер па гандболе з «дынастыі» Міхутаў. Падчас сваёй спартовай кар'еры ён стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля заканчэння кар'еры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей.
Міхаіл са сваімі вучнямі. Фота: сацсеткі
Мясцовыя СМІ называюць яго найлепшым дзіцячым гандбольным трэнерам Зэльвеншчыны і адным з найлепшых у Гродзенскай вобласці. Таксама вядома, што ён быў адзіным майстрам спорту сярод гандбольных трэнераў мястэчка. У першыя дзесяць год кар'еры ён падрыхтаваў трох прафесійных спартоўцаў рэспубліканскага ўзроўню і некалькі дзясяткаў гандбалістаў узроўню вобласці.
Міхаіл пачынаў трэніравацца пад кіраўніцтвам Заслужанага трэнера Беларусі Леаніда Гана. Як, зрэшты, і яго дзядзька Уладзімір Міхута — адзін з найлепшых беларускіх гандбалістаў. Ён тройчы быў чэмпіёнам СССР, тройчы браў Кубак СССР, выйграваў Кубак Кубкаў у складзе мінскага СКА.
А ў 2020 годзе Уладзімір асудзіў гвалт на выбарах і стаў адным з першым падпісантаў гэтак званага ліста свабодных спартсменаў.
Міхаіл Міхута і Леанід Ган. Фота: сацсеткі
Міхаіл у вольны ад спорту час раней займаўся невялікім уласным бізнэсам — трусагадоўляй.
Згодна з паведамленнямі сілавікоў, на Міхаіла заведзеная крымінальная справа за «абразу прэзідэнта» (артыкул 368 КК).