Вікторыя Азаранка пра адхіленне ад «Уімблдона»: «Я не буду прамаўляць як ахвяра»
Экс-першая ракетка свету і чалец рады гульцоў Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) Вікторыя Азаранка пракаментавала канфлікт паміж Асацыяцыяй тэнісістаў-прафесіяналаў і Уімблдонскім турнірам, які ўзнік з-за адхілення ад турніру гульцоў з Расіі і Беларусі.
24.05.2022 / 17:46
Пра тое, што не зможа выступіць на «Уімблдоне»
«З улікам усяго, што адбываецца ў свеце, я не буду тут сядзець і распавядаць, як мне цяжка. Шмат што можна сказаць, многае будзе вырвана з кантэксту, так што я нават не буду спрабаваць. Не хачу, каб людзі перакручвалі мае словы так, як ім будзе зручна.
Я не лічу гэта тэмай для абмеркавання. Я лічу, што трэба імкнуцца быць карыснай, але пры гэтым выконваць сваю працу. Я тэнісістка, гэта мая праца, і я буду і далей яе выконваць. Пры гэтым я стараюся быць максімальна карыснай, не афішуючы гэта ў сацсетках, як многія людзі.
Я веру ў яднанне, веру ў тое, што трэба быць добрым чалавекам і дапамагаць іншым, калі ёсць магчымасць. І я буду і далей гэта рабіць».
Пра тое, што на «Уімблдоне» не будзе рэйтынгавых ачкоў
Нагадаем, што Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў у адказ на адхіленне беларускіх і расійскіх тэнісістаў ад турніру, пазбавіла турнір рэйтынгавых ачкоў;
«Я бачыла тое, што сказала Слоўн Стывенс [яна заявіла, што не пацерпіць тэніснай дыскрымінацыі наконт пазбаўлення рэйтынгавых ачкоў], і лічу, што яна мае рацыю. Людзі не ведаюць многіх закулісных дэталяў. Думаю, з пункту гледжання Рады гульцоў мы пераспрабавалі ўсё, каб гульцы не пацярпелі.
Я імкнулася знайсці кампраміс, бо ў выніку ўсё гэта закранула многіх гульцоў. Атрымалася так, як атрымалася. Я скажу адно — будуць крытыкаваць. Скажу іншае — будуць крытыкаваць.
Я не хачу гэтых размоў. Я хачу рабіць тое, што лічу правільным, дапамагаць людзям і выконваць сваю працу».
Пра тое, што яна гуляла ролю ў прыняцці рашэння аб «Уімблдоне», пры гэтым сама пацярпеўшы ад адхілення
«Гэта няпростыя размовы. Калі я іх вяду, то не гляджу на сябе і тое, як усё гэта паўплывала на мяне. Я гляджу на больш шырокую карціну. Я не лічу сябе цэнтрам сусвету, адзіным чалавекам, які мае значэнне.
Я веру ў адзінства гульцоў і ў тое, што спорт павінен аб'ядноўваць людзей. Спадзяваюся, у нас будзе шанец паказаць магчымасці спорту і разам зрабіць нешта добрае.
І так, на мяне гэтая сітуацыя паўплывала, але я не ахвяра. І не буду казаць як ахвяра».
Пра абвінавачванні, што Рада гульцоў не пракансультавалася з усімі тэнісісткамі
«Я магу сказаць шмат таго, што патрапіць у загалоўкі, але не буду гэтага рабіць. Я не лічу, што прэсе важна гэта абмяркоўваць. Гульцы ўсе пытанні вырашаць паміж сабой.
Калі ў каго-небудзь з гульцоў ёсць пытанні, я заўсёды даступная і гатовая растлумачыць тое, што адбываецца. Я лічу, што мы робім усё магчымае, каб інфармаваць людзей.
І Рада гульцоў не мае права голасу — гэта трэба разумець».