Мастацкім роспісам па несанкцыянаваных надпісах. Улады ініцыявалі стварэнне не менш за 120 графіці ў Мінску
У Мінску ў 2022 годзе не менш за 120 інжынерных збудаванняў цэнтралізавана забяспечаць мастацкім роспісам. Пра гэта падчас нядаўняй прамой лініі расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, паведамляюць «Мінск-Навіны».
25.05.2022 / 18:14
Дараховіч лічыць, што насценныя «карціны не толькі радуюць вока, але і нясуць антывандальную функцыю: графіцісты перастаюць успрымаць такія сцены як палотны».
Таму «ў гэтым годзе прадпрыемствам «Мінсккамунцепласетка», «Мінскводаканал», «Мінскія цеплавыя сеткі» і «Мінскія кабельныя сеткі» пастаўленая задача распісаць не менш за 30 сваіх збудаванняў: помпавых станцый, цеплапунктаў і інш.», — сказаў Дараховіч.
Ён таксама анансаваў, што сёлета малюнкі з'явяцца на сценах і агароджах аб'ектаў, якія размяшчаюцца ўздоўж чыгункі.
Мастацкі роспіс, на думку чыноўніка, павінен «пераламаць сітуацыю», калі «на прылеглых да чыгуначных шляхоў пабудовах і платах пастаянна з'яўляюцца несанкцыянаваныя надпісы».
Эскізы будучых малюнкаў узгадняюцца архітэктарамі адміністрацый раёнаў, а ўвасабляць іх у жыццё ў асноўным будуць студэнты творчых ВНУ.