Брытанскі маркетплейс купіў стартап беларусаў Wannabe за 29,4 млн даляраў
Маркетплейс Farfetch набыў стартап з беларускімі каранямі Wannaby Inc за 29,4 млн даляраў, піша dev.by.
27.05.2022 / 08:26
«Мы зачынілі здзелку, над якой працавалі год, нават у такі няпросты час», — сказаў Forbes Аляксей Губараў, сузаснавальнік венчурнай кампаніі Palta (экс-Haxus), якая валодала Wanna.
У камандзе Wanna сёння каля 80 чалавек, пасля здзелкі яны сталі супрацоўнікамі Farfetch. У мінскім офісе, паводле ПВТ, працавала больш за 60 чалавек. Яшчэ ў 2020 годзе СЕО кампаніі Сяргей Архангельскі распавядаў dev.by, што кампанія рэлакуе жадаючых. Сёння, мяркуючы па Linkedin, супрацоўнікаў у Мінску не засталося, яны працуюць з Літвы, Польшчы, Кіпра.
Wannaby запусцілі ў 2017 годзе Юрый і Аляксей Мельнічкі. Стартап займаецца распрацоўкамі ў сферы AR-commerce — «шопінгу ў дапоўненай рэальнасці». Галоўныя прадукты —прыкладанні для віртуальнай прымеркі касметыкі (Wanna Nails) і красовак (Wanna Kicks). Увесну 2018 года прыцягнуў 2 млн даляраў інвестыцый ад Bulba Ventures і Haxus. У 2020 Bulba Ventures і Haxus абмяняліся долямі ў двух стартапах —OneSoil і Wannaby. Партнёры інвестфонда Юрый Мельнічак і Андрэй Аўсіевіч перасталі быць акцыянерамі ТАА «Вонабай», асноўным уласнікам стаў Haxus.
Farfetch — анлайн-маркетплейс для продажу адзення, абутку, аксесуараў прэміум-брэндаў па ўсім свеце. Платформа ўжо выкарыстоўвае тэхналогіі Wanna ў такіх катэгорыях, як красоўкі, аксэсуары, касметыка.