«Трэба выкарыстоўваць ракету». На судзе над Аўтуховічам раскрылі, як нібыта хацелі забіць Лукашэнку
У гродзенскай турме працягваецца суд па справе Аўтуховіча. Як піша «СБ», судовае разбіральніцтва працягнулася допытам Сяргея Разановіча. Да затрымання ён быў святаром, настаяцелем храма ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна.
27.05.2022 / 15:39
Сяргей Разановіч, яго жонка Любоў і сын Павел былі затрыманыя ў Брэсце.
Пракуроры хадайнічалі аб абвяшчэнні паказанняў абвінавачанага, сабраных да пачатку судовага разбору. Суд хадайніцтва задаволіў.
Такім чынам былі зачытаныя і паказанні Разановіча пра «падрыхтоўку тэрарыстычнага акту па ліквідацыі» Лукашэнкі. Нібыта пра такія планы Аўтуховіч распавядаў Разановічу.
«З мэтай звяржэння дзейнай улады неабходна здзейсніць падрыў борта самалёта №1 падчас узлёту або пасадкі. Для гэтай мэты трэба выкарыстоўваць ракету, як я зразумеў, ручны гранатамёт. Ён растлумачыў, што для гэтага патрэбны спецыяльна навучаны чалавек, які ўмее карыстацца падобнай зброяй. Таксама Аўтуховіч распавёў, што ракета каштуе дорага, але нейкі прадстаўнік з Амерыкі паабяцаў фінансавую дапамогу…»
Пасля зачытвання гэтых сведчанняў Разановіч адмовіўся ад дачы паказанняў.
— Не хачу адказваць на далейшыя пытанні, — «упэўнена прамовіў абвінавачаны пасля пачутага», піша «СБ».
Суд па справе Аўтуховіча пачаўся 18 мая ў гродзенскай турме. Яго судзяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Па справе праходзяць 12 чалавек.