У Беларусі легалізуюць шэры імпарт для абыходу санкцый. Разбіраемся, што гэта значыць

Віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў анансаваў легалізацыю паралельнага імпарту ў Беларусі. Што гэта і ці не рабілі так раней?

27.05.2022 / 19:42

Што такое паралельны (шэры) імпарт?

Па сутнасці, гэта неафіцыйны ўвоз тавараў нейкага брэнда ў трэцюю краіну. Звычайна ён выкарыстоўваецца, калі легальны ўвоз тавару немагчымы, напрыклад, з-за санкцый. Пры гэтым сам брэнд не нясе за гэта адказнасці — бо ён прадае тавар іншаму пастаўшчыку ў іншай краіне, абсалютна легальна. Уся адказнасць кладзецца на тую фірму, якая рээкспартуе тавар і на дзяржаву, якая гэта дазваляе.

Гэта не тое самае, што кантрабанда. Да прыкладу, калі беларускія тытунёвыя заводы праз трэціх асобаў увозяць безакцызныя цыгарэты ў Расію ці ЕС — гэта кантрабанда. Або, скажам, калі ўвозіцца кантрафактны тавар, то-бок, копія ці падробка арыгінала.

Але калі фірма сышла з Беларусі праз санкцыі, а тавар завезены ў Беларусь праз нейкія схемы абыходу — гэта ўжо шэры імпарт.

У Беларусі шэры імпарт цяпер фармальна незаконны, на любы ўвоз новых тавараў для продажу ў вялікіх маштабах патрабуецца дазвол правааўладальніка таварнага знаку. За парушэнне прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць па ч.2 арт. 10.5 КоАП — ад 10 да 30 базавых штрафу з канфіскацыяй тавару або без яе.

Як працуе шэры імпарт?

Звычайна ў трэцяй краіне рэгіструюцца фірмы-аднадзёнкі, якія фармальна легальна набываюць тавары ў афіцыйнага дылера. Пасля яны нейкім чынам дастаўляюць яго ў краіну, куды афіцыйны імпарт тавараў брэнду забаронены — часта вельмі складанымі шляхамі.

Калі высвятляецца, што фірма займаецца нелегальным перапродажам тавараў, то дылер перастае з ёй працаваць.

У Расіі цяпер дазволілі шэры імпарт тавараў усіх брэндаў, якія сышлі з краіны з-за вайны, а таксама тавараў стратэгічных галінаў прамысловасці — ад сельскай гаспадаркі да атамнай энергетыкі. Згодна з законамі Беларусі, прывозіць іх сюды зараз будзе нелегальна, як і ў Казахстан.

Якія праблемы гэта выкліча?

Па-першае, вырастуць цэны. Тавар, увезены праз трэція краіны, заўжды будзе даражэйшы, бо моцна павялічваецца ланцуг паставак. Цэны могуць вырасці да 50%. Акрамя іншага, шмат тэхнікі раней збіралася ў Расіі — цяпер усе гэтыя заводы зачыненыя.

Па-другое, не будуць зразумелыя тэрміны і аб’ёмы паставак. Цяпер заходнія брэнды пільна сочаць за тым, каб не трапіць пад вельмі жорсткія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Расіі. Такім чынам, будзе вельмі цяжка наладзіць устойлівыя каналы буйных паставак тэхнікі. З ЕС таксама нічога не прывязеш — бо мяжа для грузаў фактычна зачыненая.

Асабліва цяжка прыйдзецца буйной прамысловасці, бо там карысталіся вялікімі партыямі афіцыйна ўвезеных кампанентаў і дэталяў.

Па-трэцяе, узнікнуць праблемы для бізнэсу. Зменшыцца імавернасць набыць арыгінальны тавар. Да прыкладу, нейкая кампанія замовіла ў заходняй фірмы партыю тэхнікі. Пасля акажацца, што тэхніка не арыгінальная — але вярнуць яе будзе немагчыма, бо няма сэнсу скардзіцца, калі ты парушаеш законы іншай краіны.

Таксама пастаўшчыкі могуць завышаць цэны і ігнараваць патрабаванні буйных пакупнікоў, бо яны будуць дыктаваць правілы куплі-продажу. Не будуць абароненыя і самі пастаўшчыкі — бо ў любы момант партыю тавару ў іх могуць канфіскаваць, а гэта рызыка.

Ці здолее Беларусь такім чынам эфектыўна абыходзіць санкцыі?

Гэта моцна залежыць ад таго, як краіны, якія ўвялі санкцыі, будуць рэагаваць. Бо адсачыць такія схемы магчыма, але гэтым трэба мэтанакіравана займацца.

Да прыкладу, сур’ёзныя брэнды патрабуюць гарантыйны ліст пра тое, што тавар не будзе ўвезены ў Расію ці іншую краіну пад санкцыямі. Незразумела, ці будуць рызыкаваць дылеры, толькі каб задаволіць патрэбы нашага ці нават расійскага рынка.

Вядома, што частка падсанкцыйных тавараў трапіць у Беларусь. Але якая частка — сказаць складана.

Ці рабіла так Беларусь раней?

Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, рабіла. Да прыкладу, падчас забароны тавараў з ЕС яны не зніклі з паліц, а некаторыя нават не падаражэлі. Яны часткова рээкспартаваліся з Расіі, але гэта фармальна было забаронена.

Акрамя гэтага, як і ў Расіі, шмат шэрага імпарту фактычна санкцыянавалі дзяржаўныя органы. Напрыклад, для абароннай прамысловасці. Бо Беларусь нават у моманты, калі не была пад санкцыямі, не магла цалкам легальна ўвозіць электроніку і кампаненты, якія сертыфікавалася на Захадзе як прыдатныя для ваенных або касмічных мэтаў.

Але беларускія абаронныя прадпрыемствы выпускалі, да прыкладу, спадарожнікі або высокадакладныя комплексы радыёэлектроннай барацьбы.

Пакуль Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю толькі абмеркавала з бізнэсам пералік тавараў для паралельнага імпарту. Што ў яго ўвойдзе, не паведамлялася.

Nashaniva.com