Паўднёвая Асеція пакуль што далучацца да Расіі не будзе

Новы кіраўнік самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі Алан Гаглаеў, які нядаўна заступіў на гэтую пасаду прыпыніў дзеянне выдадзенага ягоным папярэднікам указа аб правядзенні рэферэндуму аб далучэнні да Расіі. Зроблена гэта «да завяршэння кансультацый з РФ».

31.05.2022 / 00:09

На мяжы непрызнанай рэспублікі. Фота Сяргея Бабылёва / ТАСС 

Рашэнне было прынята, «улічваючы нявызначанасць прававых наступстваў пытання, што выносіцца на рэферэндум» і «прызнаючы недапушчальнасць аднабаковага рашэння рэферэндуму па пытаннях, якія закранаюць законныя правы і інтарэсы Расійскай Федэрацыі», гаворыцца на сайце кіраўніка Паўднёвай Асеціі.

Указ таксама прадугледжвае фармаванне складу дэлегацыі для кансультацый з Расіяй.

Папярэдні кіраўнік непрызнанай рэспублікі Анатоль Бібілаў падпісаў указ аб рэферэндуме ў пытанні ўваходжання тэрыторыі ў склад Расіі пасля таго, як ужо прайграў выбары і было вядома, што ў Паўднёвай Асеціі памяняецца ўлада. Са сваім наступнікам ён гэты крок узгадніць не палічыў патрэбным.

Рэферэндум павінен быў адбыцца 17 ліпеня, але Крэмль не палічыў гэтую ідэю ў цяперашніх умовах своечасовай.

Nashaniva.com