У Беларусі расце ўрадлівасць глебаў
Запасы фосфару і калію павялічыліся ў 3-4 разы.
02.06.2022 / 16:58
Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі да Дня меліяратара галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Віталь Лапо, перадае БЕЛТА.
«Глеба — галоўнае нацыянальнае багацце краіны, аснова ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці, харчовай бяспекі. Таму захаванне ўрадлівасці глеб — гэта прыярытэт дзяржавы», — сказаў навуковец.
Паводле яго слоў, кантроль за ўрадлівасцю глебы праводзіцца ў краіне з 1970 года. Яго ажыццяўляе аграхімічная служба Беларусі пад навуковым кіраўніцтвам інстытута.
Прасочваецца дынаміка асноўных уласцівасцяў глебы, і на аснове гэтага распрацоўваецца комплекс мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці. Гэтыя звесткі захоўваюцца ў банку даных аграхімічных уласцівасцяў глеб Беларусі. На працягу ўжо больш чым 40 гадоў ён пастаянна папаўняецца, інфармацыя назапашваецца і актуалізуецца.
Паводле Віталя Лапо, на тэрыторыі Беларусі пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы. Яны не вельмі багатыя на пажыўныя элементы, маюць кіслую рэакцыю асяроддзя.
«Калі ўзяць апошнія гады, то запасы фосфару і калію павысіліся ў 3-4 разы, практычна аптымізаваная глебавая кіслотнасць, павялічыўся паказчык утрымання перагною ў ворных глебах да 2,26%.
Дзякуючы планамернай пастаяннай працы, у Беларусі сфармаваўся масіў высокапладародных глеб, якія налічваюць каля 25%.
Гэты «залаты запас» дазваляе атрымліваць вельмі высокія ўраджаі пры мінімальных выдатках угнаенняў», — акцэнтаваў увагу галоўны навуковы супрацоўнік.