Дакументы сведчаць, што сотні, калі не тысячы расійскіх вайскоўцаў адмовіліся ваяваць ва Украіне

Масавае дэзерцірства і адмовы ваяваць паставілі Маскву перад няпростым выбарам: як пакараць вайскоўцаў і пры гэтым не прыцягнуць да праблемы зашмат увагі. Пра гэта піша The Wall Street Journal.

03.06.2022 / 19:36

Расійскія вайскоўцы рэпеціруюць у красавіку да Дня Перамогі вайсковы парад у Маскве. Фота Максіма Шэметава / REUTERS

Згодна з ваенным указам, які апынуўся ў руках журналістаў The Wall Street Journal, а таксама паводле заведзеных на вайскоўцаў спраў, сотні расійскіх салдат збеглі ад баявых дзеянняў ва Украіне ці адмовіліся ваяваць ад пачатку вайны.

Ваенныя аналітыкі і ўкраінскія афіцыйныя асобы кажуць, што іх было значна больш.

Дэзерцірства ставіць расійскія ўлады ў цяжкае становішча: трэба пакараць тых, хто адмаўляецца служыць, але не прыцягваць да гэтага шмат увагі, лічаць эксперты ў галіне абароны. Расійскім вайскоўцам не хапае людзей, і яны шукаюць навабранцаў, каб пераламаць сітуацыю ва Украіне.

Пакаранні дагэтуль у асноўным абмяжоўваліся фармальным звальненнем са службы. Па словах адваката і былога памочніка вайсковага пракурора, які абараняе салдат, звольненых за непадпарадкаванне, Расія афіцыйна не абвясціла вайну Украіне і таму існуе мала юрыдычных падстаў для ўзбуджэння крымінальных спраў супраць тых, хто адмаўляецца служыць за мяжой.

«Вельмі шмат людзей не хочуць ваяваць», — кажа Міхаіл Беньяш, расійскі юрыст, які прадстаўляе інтарэсы тузіна вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі.

Беньяш дапамагае салдатам абскардзіць звальненні пасля таго, як яны адмовіліся ехаць ваяваць ва Украіну ў лютым. Байцоў хацелі адправіць ва Украіну для патрулявання вуліц і падаўлення іншадумства ў акупаваных раёнах.

Паводле яго слоў, 24-гадовы расійскі салдат Альберт Сахібгарэеў быў накіраваны 8 лютага ў Белгарадскую вобласць Расіі для ўдзелу ў вайсковых вучэннях. Пасля таго, як 21 лютага прэзідэнт Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай, у якой адмовіў Украіне ў праве на дзяржаўнасць, Сахібгарэеў сказаў, што ў большасці вайскоўцаў на яго базе адабралі тэлефоны і загадалі насіць бронекамізэлькі. Яны выгружалі снарады і боепрыпасы з грузавікоў савецкіх часоў, але не ведалі, што іх чакае.

Апазнанне целаў рускіх салдатаў пад Харкавам. Крыніца: Associated Press

Ён прачнуўся ад блізкага артылерыйскага агню на досвітку 24 лютага. Два снарады ўпалі за пару кіламетраў ад яго казармаў на расійскім баку мяжы з Украінай. Вайсковыя верталёты і самалёты праляталі над галавой. Ён падумаў, што адбываецца нейкі бой.

Сахібгарэеў сказаў, што даведаўся пра тое, што адбываецца, толькі пасля таго, як таемна паглядзеў загаловак навіны ў Telegram: «Расія пачала вайну ва Украіне». Ён спалохаўся, збег з вайсковай базы і схаваўся.

«Ніхто з нас не хацеў гэтай вайны» —, кажа салдат. Ягоная маці Галіна кажа, што сын паступіў на службу з пачуцця патрыятызму і таму, што ў іхняй роднай Уфе было мала іншых магчымасцяў для кар'ернага росту.

Вайсковая кар'ера была шанцам уладкаваць сваё жыццё. «Я выгадавала высокага сына-спартоўца і аддала яго на абарону краіны», — сказала яна.

Прэс-канферэнцыя палонных расійскіх салдатаў. Фота: Associated Press

Па правілах

Беньяш кажа, што на працягу некалькіх дзён пасля публікацыі 24 сакавіка паведамлення пра вядзенне справы з байцамі Нацгвардыі, больш за 1000 вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС звярнуліся па юрыдычную дапамогу. З ягоных слоў, многія парушылі загад увайсці ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях або для падаўлення пратэстаў у гарадах, акупаваных расійскімі войскамі.

17 сакавіка расійская праваабарончая група «Агора» запусціла Тэлеграм-канал, куды вайскоўцы і іх сваякі маглі звярнуцца па юрыдычную дапамогу, калі яны адмовіліся выконваць загады.

Павел Чыкаў, дырэктар групы, сказаў, што за наступныя 10 дзён адгукнуўся 721 вайсковец арміі і сілаў бяспекі.

Рускія вайскоўцы гуляюцца з мядзведзем у акупаваным Марыупалі. Фота: Associated Press

У нашых руках апынулася копія дакумента за подпісам аднаго з камандзіраў расійскай базы ад 4 сакавіка. Ён загадвае звольніць некалькі сотняў вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць загады падчас нясення службы паблізу мяжы з Украінай. Незразумела, ці пагражалі былым салдатам мацнейшыя пакаранні.

Іншы дакумент, з якім азнаёміўся часопіс, падпісаны суддзёй вайсковага суда ў горадзе Нальчык і датаваны 25 мая, адхіліў апеляцыю 115 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Расіі, якія былі звольненыя са службы за адмову ехаць ва Украіну ў канцы лютага і пачатку сакавіка.

Расійскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў для вайскоўцаў, якія адмаўляюцца ад прысягі. Дэзерціры могуць пазбегнуць крымінальнай справы, калі яны змогуць даказаць, што дзейнічалі пад велізарным ціскам або мелі асабістыя праблемы, якія змусілі іх бегчы. Вайскоўцы таксама маюць права адмаўляцца ад загадаў, якія яны лічаць незаконнымі.

Пакаранне за адмову ад загадаў у ходзе г.зв. «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне да гэтага часу абмяжоўвалася звальненнем салдат без выплаты заробку або пазбаўленнем іх адмысловых іпатэчных праграм і іншых ільгот па службе, кажа Павал Лузін, маскоўскі эксперт па пытаннях абароны.

«Калі ўрад будзе раздзімаць гэтыя выпадкі, ён ненаўмысна павялічыць маштабы дэзерцірства, якія цяпер адносна невялікія, але будуць працягваць расці», — сказаў ён.

Паведамленне на вайсковым пасведчанні аднаго звольненага расейскага жаўнера абвяшчала: «схільны да здрады, падману і несумленнасці. Адмовіўся ўдзельнічаць у спецыяльнай вайсковай аперацыі», — гаворыцца ў фатаграфіі, апублікаванай у мінулым месяцы адвакатам салдат Максімам Грабенюком.

«Прывядзіце сваіх адвакатаў»

Расшыфроўкі двух аўдыёфайлаў, нібыта запісаных салдатамі і апублікаваных 22 красавіка расійскім незалежным выданнем «Медыязона», задакументавалі выпадкі, калі салдаты адмаўляліся выконваць загады.

«Вы не можаце не пайсці», — сказаў камандзір базы ў запісе. «Калі вы не пойдзеце туды, вы праведзяце 15 гадоў, тупаючы па [турэмным] двары».

Салдат сказаў, што размаўляў з адвакатамі, якія сказалі, што яму не пагражае турма за адмову ваяваць ва Украіне.

«Прывядзіце сюды сваіх адвакатаў, — адказаў камандзір. — Мы пагутарым з імі».

Заходнія спецслужбы заяўляюць, што існуе мноства сведчанняў хаосу і хваляванняў сярод расійскіх войскаў на Украіне.

Акупанты ў адным з украінскіх гарадоў. Фота: Associated Press

Высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША заявіў журналістам у мінулым месяцы, што расійскія «афіцэры сярэдняга звяна на розных узроўнях, аж да ўзроўню батальёна… альбо адмовіліся падпарадкоўвацца загадам, альбо [не] падпарадкоўваюцца ім з той гатоўнасцю, якую вы чакаеце ад афіцэра».

Па словах вайсковых экспертаў, падчас першай чачэнскай вайны, з 1994 па 1996 год, тысячы расійскіх салдат дэзерціравалі пасля таго, як іх адправілі ваяваць у горы Каўказа, часта пасля месяца навучання.

Пасля Масква ўвяла больш жорсткія пакаранні за дэзерцірства, уключаючы максімальнае турэмнае зняволенне тэрмінам на 10 гадоў. Пуцін зрабіў аднаўленне Узброеных сілаў прыярытэтам пасля таго, як уварванне краіны ў Грузію ў 2008 годзе выявіла недахопы ў забеспячэнні і падрыхтоўцы.

Згодна з красавіцкай справаздачай міжнароднай сеткі журналістаў-расследвальнікаў «Праекта па асвятленні арганізаванай злачыннасці і карупцыі», нізкія заробкі, карупцыя і дзедаўшчына сярод новых вайскоўцаў працягваюць падрываць маральны дух.

Адвакаты, якія абараняюць расійскіх дэзерціраў, а таксама журналісты, што асвятляюць гэтыя справы, знаходзяцца пад пагрозай.

13 красавіка Беньяшу было прад'яўленае абвінавачванне ў «дыскрэдытацыі Узброеных сілаў Расіі» за заявы, якія ён зрабіў у відэароліку на YouTube, апублікаваным у першыя дні вайны. З таго часу справа была прыпыненая.

У той жа дзень, калі Беньяшу выставілі абвінавачванне, быў арыштаваны Міхаіл Афанасьеў, журналіст, які раней апублікаваў артыкул пра адзінаццаць нацгвардейцаў з сібірскай Хакасіі, якія адмовіліся атрымаць загад аб уездзе ва Украіну. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе «фэйкавых навін» пра расійскае войска.

«Усё сваё жыццё я змагаўся за сваё права быць журналістам і казаць праўду», — сказаў ён перад арыштам. Яму пагражае 10 гадоў турэмнага зняволення.

У рэшце рэшт вайсковыя пракуроры звязаліся па тэлефоне з Сахібгарэевым і ягонай маці і пераканалі яго вярнуцца на службу. Яны дазволілі яму перавесціся на іншую базу, далей ад лініі фронту.

Па словах яго адваката Алмаза Набіева, Сахібгарэеву, чым даўжэй ён заставаўся на волі, выстаўляліся ўсё больш сур'ёзныя крымінальныя абвінавачванні. Улады чакаюць вынікаў медыцынскага абследавання Сахібгарэева. Яны маглі аб'явіць яго непрыдатным да службы або прыняць рашэнне выставіць абвінавачванні ў дэзерцірстве.

Беньяш сказаў, што многія салдаты, якія адмаўляюцца выконваць загад адправіцца ва Украіну, лічаць, што лягчэ пайсці на крымінальную справу, чым рызыкаваць сваім жыццём, ваюючы.

Чытайце таксама:

Ад генералаў да добраахвотнікаў. Што за расіяне гінуць на вайне?

Юныя, бедныя, мёртвыя. Журналісты склалі партрэты забітых расійскіх вайскоўцаў

«Буратам здаецца, што ўдзел у вайне ўзвышае іх да рускіх». Чаму расійскія нацменшасці так ахвотна едуць ваяваць ва Украіну

Nashaniva.com