«Шкада дзяўчынку». Лукашэнка лічыць магчымым перадаць Сафію Сапегу ў Расію
Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым перадаць асуджаную на шэсць гадоў калоніі Сафію Сапегу ў Расію. Пра гэта ён заявіў журналістам у Мінску, піша БелТА.
03.06.2022 / 15:35
«Шкада дзяўчынку. Трэба гэтае пытанне вырашаць», — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што, улічваючы расійскае грамадзянства Сапегі, ёсць магчымасць перадаць яе ў Расію. «Яна ж расіянка… У нас ёсць практыка. Мы можам расійскага грамадзяніна перадаць у Расію. Няхай яна там адбывае тэрмін. Ці яны што хочуць, там робяць. Думаю, для яе вялікая навука», — заявіў ён.
Сафію Сапегу прызналі вінаватай па ч. 3 арт. 130 і ч. 1 арт. 179 (незаконныя збор або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія прывялі да прычынення шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых) і 6 мая асудзілі да шасці гадоў калоніі. Абарона не стала абскарджваць прысуд, і ён уступіў у законную сілу.
Дзяўчына была затрыманая 23 мая 2021 года разам з Раманам Пратасевічам у выніку пасадкі ў Мінску рэйса Афіны — Вільня.