Некалькі калоній рабога сусліка ў Беларусі перададзеныя пад ахову

Пад ахову ўзятыя дзве невялікія калоніі рабога сусліка каля вёсак Цагельня і Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Акрамя гэтага, будуць цяпер пад аховай яшчэ 15,1 га асноўнай калоніі каля вёскі Юшавічы, якія таксама раней не былі абароненыя. Зараз у Юшавічах будзе ахоўвацца 96,8 га, перадае тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

03.06.2022 / 20:20

«На сённяшні дзень, такім чынам, ёсць шэсць перададзеных пад ахову калоній рабых суслікаў, якія знаходзяцца ў Нясвіжскім і Капыльскім раёнах, плошчай 138,94 га, — паведаміў эксперт Юрый Янкевіч, удзельнік экспедыцый па пошуку рабога сусліка. —

Па выніках нашых улікаў, праведзеных ва ўсіх вядомых жылых калоніях, колькасць суслікаў у Беларусі складае каля 5000 звяркоў».

Улічваючы, што палова калоній знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, неабходна распрацоўка дадатковых захадаў па іх умацаванні. Перадача ўсіх калоній пад ахову дае надзею, што папуляцыя рабога сусліка ў Беларусі будзе ўратаваная.

Nashaniva.com