З 14 чэрвеня Расія адмяняе абавязковыя ПЛР-тэсты на паветраным і марскім транспарце

Расія з 14 чэрвеня здымае ўсе эпідэміялагічныя абмежаванні на ўезд для іншаземцаў, у тым ліку беларусаў, якія прыбываюць у краіну паветраным і марскім транспартам. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на аператыўны штаб па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.

03.06.2022 / 21:10

«Шарамецьева» — найбуйнейшы аэрапорт Расіі

Паводле вынікаў праведзенага абмеркавання членамі аператыўнага штаба прынятая пастанова аб зняцці з 14 чэрвеня 2022 года эпідэміялагічных абмежаванняў на ўезд у Расію замежных грамадзян, якія прыбываюць авіятранспартам, а таксама праз марскія пункты пропуску, — гаворыцца ў паведамленні.

Абавязковы ПЛР-тэст для перамяшчэння беларускіх грамадзян праз наземную мяжу аўтамабільным і чыгуначным транспартам быў зняты яшчэ 18 сакавіка. У той жа дзень Расія зняла ўсе абмежаванні на перамяшчэнне грамадзян паміж двума краінамі, якія былі ўведзеныя ў 2020 годзе з-за пандэміі каранавіруса. 

Nashaniva.com