Затрымалі вядомага тыктокера пад нікам lexmask

На ягоны TikTok падпісана амаль 58 тысяч чалавек, ён выпускае відэа на беларускай мове.

07.06.2022 / 21:16

Пра затрыманне тыктокера паведаміў ГУБАЗіК.

Ведамства паведамляе, што затрымала тыктокера за тое, што ён «хайпаваў на ваенным канфлікце», а затым «высветлілася, што і сам у жніўні 2020-га» ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама яны напісалі, што спецыялісты дадуць ацэнку «публічным выказванням тыктокера, а таксама згодзе выконваць указанні байпаліцаяў».

Усяго ў Беларусі з 2020 года за палітычныя погляды затрымалі не менш за 46 тысяч чалавек, заведзена не менш за 10 тысяч крымінальных спраў.

Калі ў 2020 годзе людзей пераважна затрымлівалі за ўдзел у вулічных дэманстрацыях, а ў пачатку 2021-га — за выкарыстанне беларускай або пратэставай сімволікі, то ў 2022-м робяцца ўсё часцейшымі затрыманні людзей за публікацыі ў Тыктоку, Фэйсбуку, Інстаграме, Твітары. Арыштаваных трымаюць у невыносных умовах у ізалятарах, збіваюць, прыніжаюць. 

Nashaniva.com