Літоўскі суд канчаткова прызнаў, што дамова «Беларуськалія» з Літоўскімі чыгункамі пагражала нацыянальнай бяспецы Літвы.
Дамовы Літоўскіх чыгунак (ЛЧ) з «Беларуськаліем» адносна транспартавання мільёнаў тон угнаенняў праз Літву стваралі пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Такое канчатковае рашэнне вынес сёння Літоўскі вярхоўны адміністрацыйны суд (ЛВАС).
09.06.2022 / 19:50
Суд 9 чэрвеня канстатаваў, што пастанова ўрада і заключэнне камісіі, якая правярала здзелкі стратэгічных прадпрыемстваў, з'яўляюцца законнымі і абгрунтаванымі. У гэтых дакументах канстатавалася, што дамовы паміж Літоўскімі чыгункамі і «Беларуськаліем» пагражаюць нацыянальнай бяспецы.
Калегія суддзяў ўлічвала пры прыняцці рашэння сярод іншага і тое, што ЕС ускосна, а ЗША наўпрост увялі абмежаванні ў дачыненні да «Беларуськалія».
Суд адзначыў, што паколькі ЕС усталяваў абмежаванні на гандаль калія хларыду ў ЕС, а «Беларуськалій» вырабляе і прадае менавіта такія ўгнаенні, кампанія павінна была атрымаць абмежаванні ў дачыненні да дамовы з ЛЧ. Бо ў адваротным выпадку абмежавальныя меры сталі б неэфектыўнымі.
Нагадаем, што літоўскі ўрад 12 студзеня зацвердзіў заключэнне камісіі аб тым, што дамова паміж ЛЧ і «Беларуськаліем» не адпавядае інтарэсам нацбяспекі, таму з 1 лютага павінна быць скасаваная. 1 лютага транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву цалкам спыніўся.