Рэцэпт на выхадныя. Бульбяны гратэн — простая страва для летняй вячэры
Гратэн (gratin) — гэта французская страва, запечаная ў духоўцы да стварэння прыгожай скарыначкі. Зараз прапануем вам англійскі варыянт гратэна. Яго можна і падаваць са свінінай, і есці проста так.
02.07.2022 / 14:18
Фота: BBC Food
Каб згатаваць англійскі гратэн, вам спатрэбіцца:
- 250 грамаў бульбы, парэзанай на кубікі з гранямі прыкладна па 2,5 сантыметра,
- 2 ачышчаныя морквы, парэзаныя кружочкамі,
- 50 грамаў масла,
- 1 ачышчанае і тонка нарэзанае сцябло цыбулі-парэя,
- 200 грамаў бекону, які трэба нарэзаць кубікамі,
- 50 грамаў мукі,
- 200 мілілітраў яблычнага соку,
- 300 мілілітраў малака,
- соль і чорны перац,
- трохі чабору,
- 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею.
- Закіпяціце ваду ў каструлі і варыце ў ёй кубікі бульбы хвілін з 7 ці пакуль яна не будзе напалову гатовая. Дадайце моркву і варыце гародніну яшчэ 7—8 хвілін або пакуль морква і бульба не стануць мяккімі. Зніміце з агню і працадзіце.
- Тым часам нагрэйце глыбокую патэльню на сярэднім агні. Растапіце на ёй масла і абсмажце разам цыбулю-парэй і бекон 7—8 хвілін ці пакуль цыбуля не стане мяккай, а бекон — залаціста-карычневым.
- Разагрэйце грыль да гарачага стану (можна выкарыстоўваць рэжым грылю ў духоўцы).
- Дадайце ў патэльню з беконам муку, перамяшайце і гатуйце ўсё на агні адну хвіліну. Паступова дадавайце ў патэльню яблычны сок і малако, перамешвайце ўсё, пакуль у вас не атрымаецца аднародны соус. Давядзіце сумесь да кіпення і тушыце яе дзве хвіліны.
- Дадайце ў патэльню бульбу і моркву і добра ўсё перамяшайце, каб садавіна пакрылася соусам. Пакаштуйце сумесь і запраўце яе соллю і перцам на смак.
- Выкладзіце сумесь у форму для запякання сярэдніх памераў (прыкладна 28 на 22 сантыметры). Шчодра пасыпце будучы гратэн лісцем чабору і паліце яго алеем. Запякайце страву пад разагрэтым грылем на працягу 10 хвілін ці пакуль гратэн не набудзе залацістую скарыначку.