Рэцэпт на выхадныя. Фаршыраваныя курыныя грудкі — новы падыход да звычайнай вячэры
Гэтая кураціна стане добрым пачастункам нават на рамантычнай вячэры. Але можна падаць яе з варанай маладой бульбай — і тады вы атрымаеце больш сытную страву.
03.07.2022 / 14:29
Фота: BBC Food
Каб згатаваць фаршыраваныя курыныя грудкі, вам спатрэбіцца:
- дзве курыныя грудкі без скуры і без костак
- 60 грамаў мяккага сметанковага сыру з зелянінай
- 4 лустачкі тонкай вяндліны (прашута ці наскі кумпяк)
- 2 галінкі свежага чабору
- 1 сталовая лыжка дробна нарэзанай свежай пятрушкі
- 1 сталовая лыжка паніровачных сухароў
- палова сталовай лыжкі дробна нацёртага пармезану
- 1 чайная лыжка дробна нацёртай цэдры лімона
- 1 сталовая лыжка аліўкавага алею
- 10 таматаў чэры або некалькі звычайных, кавалкамі
- 40 грамаў лісткоў маладога шпінату
- соль і свежазмолаты чорны перац
- Разагрэйце духоўку да 190 градусаў.
- Пакладзіце курыныя грудкі гладкім бокам на працоўную паверхню. Невялікім вострым нажом зрабіце на грудках глыбокія надрэзы з другога боку. Сачыце за тым, каб не разрэзаць грудку цалкам.
- Раскрыйце грудкі як кніжку і пакладзіце ў кожную з грудак сыр. Складзіце грудкі, каб сыр апынуўся ў іх сярэдзіне. Павярніце грудкі гладкім бокам уверх і пакладзіце на кожную з іх па галінцы чабору. Акуратна загарніце кожную з грудак у дзве лустачкі вяндліны (лусты будуць накладацца адна на адну) і выкладзіце курыцу ў невялікую форму для запякання.
- Змяшайце ў невялікай місцы пятрушку, паніровачныя сухары, пармезан і цэдру лімона, запраўце соллю і перцам. Выкладзіце сумесь на курыныя грудкі, паліце алеем і запякайце грудкі 10 хвілін.
- Раскладзіце вакол курыцы таматы чэры і гатуйце яе яшчэ 10 хвілін ці пакуль курыца і таматы не памякчэюць. Дадайце шпінат у форму і перамяшайце яго з сокам ад выпякання курыцы, які ўтварыўся ў форме. Вярніце мяса ў духоўку яшчэ на хвіліну, потым раскладзіце гатовую страву на дзве талеркі і падавайце.