Жанчыну з Маларыты судзяць за слова «ўзурпатар»

У судзе Маларыцкага раёна 15 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовай актывісткі Партыі БНФ Людмілы Рамановіч. Яе абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) з-за ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт, паведамляе «Вясна».

16.06.2022 / 12:38

Справу разглядае суддзя Вольга Смірнова, дзяржабвінаваўца — пракурор Фёдар Міховіч.

На пачатку сакавіка 2022 года палітзняволеная Людміла Рамановіч звярнулася з лістом на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.

Актывістка Партыі БНФ з Маларыты Людміла Рамановіч, былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, агучыла сваё негатыўнае стаўленне да вайны ва Украіне, якую развязала Расія. Жанчына таксама выказала пратэст супраць магчымага ўдзелу Беларусі ў братазабойчай вайне і патрабавала вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія войскі.

22 сакавіка актывістку затрымалі, 4 красавіка ў доме Людмілы Рамановіч прайшоў ператрус, а 7 красавіка яе змясцілі ў СІЗА горада Брэста.

Падчас абвяшчэння абвінавачання высветлілася, што падставай для крымінальнага пераследу актывісткі з'яўляецца слова «ўзурпатар» з яе ліста ў Следчы камітэт.

Судовае пасяджэнне працягнецца 17 чэрвеня. Пройдуць спрэчкі бакоў і выступіць пракурор.

Nashaniva.com