«Мы працуем філігранна». Хто такая Наталля Немагай — вядучая АНТ, якая зачытвае фэйкі ў эфіры
Яна марыла сыграць Моніку Бялучы, але ёй дасталася іншая роля. Вядучая праграмы «Нашы навіны» Наталля Немагай працуе на АНТ амаль 20 гадоў. Цяпер, апроч навін пра надзвычайныя здарэнні і працоўныя паездкі Лукашэнкі, яна сваім фірмовым грудным голасам зачытвае фэйкі пра Украіну. «Наша Ніва» расказвае пра жыццёвы шлях тэлевядучай.
20.06.2022 / 19:03
Наталля Немагай
Хацела стаць актрысай у Расіі
Наталля Немагай нарадзілася ў Мінску ў 1977 годзе.
У дзяцінстве марыла пра акцёрскую кар’еру. Наведвала драматычны гурток пры Рускім тэатры ў Мінску, грала ў спектаклях. Маці нават вазіла маленькую Наталлю ў Маскву «на прагляд».
«З дзяцінства я была вельмі актыўная: грала на фартэпіяна, займалася ў гуртку пры Рускім драматычным тэатры імя Горкага, спявала ў хоры, грала ў ансамблі. Калі мне было 17, мама адвезла мяне ў Маскву да Клары Лучко (савецкая і расійская кінаактрыса. — «НН»), нашы сем'і тады сябравалі. Яна сказала, што шанцы трапіць у тэатральны ёсць і трэба спрабаваць, — расказвала сама Немагай у адным з інтэрв’ю. — Я была прыгожая, высокая, з экзатычнай знешнасцю. Мяне запрашалі мадэльныя агенцтвы. Здымалася ў рэкламных роліках, была тварам ювелірнай крамы. Але гэта былі разавыя акцыі».
Немагай у 1990-х
Немагай прызнавалася, што марыла паступіць ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі і стаць актрысай. «Засынала і ўяўляла сябе ў розных вобразах — Наташы Растовай, напрыклад», — казала яна.
Але не атрымалася — вучыцца ў Маскву бацькі Наталлю ўсё ж не пусцілі. Яна вымушаная была застацца ў Мінску.
Кінула журфак, бо не вучыла беларускую
Калі стала зразумела, што Наташы Немагай усё ж Наташай Растовай не быць, яна пайшла ў БДУ. Выбрала гістарычны факультэт.
«Здаўшы дадатковыя экзамены, я была залічаная паралельна і на факультэт журналістыкі. Адвучылася там два курсы, — расказвала Наталля «Советской Белорусіі». —
А пазней прыйшлося з журфака сысці, таму што тады навучанне перавялі цалкам на беларускую мову, а ў маім атэстаце аб сярэдняй адукацыі няма адзнакі, што я яе вывучала.
Па тых часах навучэнцам іншай нацыянальнасці (па пашпарце я руская), «мову» можна было не вывучаць».
Адзін з яе педагогаў, прафесар Віктар Іўчанкаў, тады сказаў Наталлі, што яна не зможа працаваць на тэлебачанні. І ўсё таму, што дрэнна ведае беларускую мову.
«Але я тады дзёрзкая была, адказвала, маўляў, мне беларуская не патрэбная. І бясконца прыходзіла на пераздачы.
А вось як жыццё склалася… асабліва ўспамінаю прафесара ў Дзень роднай мовы, калі ўсе навіны мы чытаем на беларускай. Да гэтага часу яна мне цяжка даецца, але я стараюся.
І ўжо не сумняваюся: калі жывеш у гэтай краіне, беларускую мову трэба ведаць, — казала Немагай. — Сорамна жыць у краіне і не ведаць роднай мовы тытульнай нацыі.
Але дзякуючы майму музычнаму слыху і пабыўкам у беларускай вёсцы на школьных канікулах у бабулі (мая мама родам з Беларусі), цяпер магу лёгка на ёй гаварыць. Калі на нашым тэлеканале кожную першую сераду месяца ранішнія і дзённыя навіны выходзяць у эфір на беларускай мове, гукарэжысёры, чуючы маё вымаўленне беларускай, не хаваюць захаплення. Працягваю ўдасканальваць «маўленне» па падручніках майго сына Уладзіміра».
Сына Наталля гадуе адна. Яна расказвала, што з яго бацькам разышлася хутка, калі сыну было паўгода. Былы муж з'ехаў у Расію, дзе ў яго свой бізнэс, а вядучая не была гатовая пакінуць усё. Таму каханне перайшло ў сяброўства на адлегласці.
Вазіла ў Беларусь расійскіх поп-зорак, а на АНТ прыйшла праз народны кастынг
Да кар’еры на ТБ Немагай зарабляла арганізацыяй канцэртаў расійскіх музыкаў. Яны з сяброўкай запрашалі вядомых артыстаў і арганізоўвалі ім гастролі па Беларусі. Працавалі, напрыклад, з Барысам Маісеевым, Алсу, Земфірай, «На-На», Уладзімірам Кузьміным.
На АНТ Наталля трапіла на пачатку 2000-х — праз народны кастынг.
Яна згадвала:
«Я ўбачыла па тэлебачанні ролік пра тое, што тэлеканал АНТ шукае жаночы твар. Матуля параіла паспрабаваць са словамі: «Хто, калі не ты!»
Спачатку выбралі мужчын. А потым шукалі жаночы твар, у выніку ўзялі шэсць ці сем вядучых, і я была ў іх ліку. На першым этапе нас адбіралі па фатаграфіях, потым запрашалі на сумоўе, пасля мы прыходзілі пачытаць нешта ў студыі… І кожны раз я не ведала, ці паклічуць мяне на наступны этап. І заўсёды была велізарная колькасць дзяўчат. Памятаю, каб пакінуць сваю анкету, я стаяла ў доўгай чарзе — яе хвост цягнуўся ад будынка тэлеканала да набярэжнай Свіслачы.
Акрамя ўнутранага, дзе сумоўе праводзілі кіраўнікі тэлеканала, я прайшла яшчэ і народны кастынг. Была створаная фокус-група. У выніку апытання я ўвайшла ў топ-5 лепшых з тых дзяўчат, якія прайшлі кастынг. А заявак было каля 5000!
У той час гэта быў адзінкавы народны кастынг у гісторыі беларускага тэлебачання. Перш чым трапіць у эфір, мяне рыхтавала вялікая каманда прафесіяналаў».
Тэлекар’еру Немагай пачала ў праграме «Наше утро». Другім вядучым быў Валерый Кашчэеў, які быў прафесійным акцёрам і дапамагаў новай калезе.
Немагай і Кашчэеў
«Прызнаюся, я вучыла свой тэкст на памяць, бо мне было складана чытаць з суфлёра, — згадвала Немагай. — Рэагаваць трэба было і на яго, і на вядучага, і на рэплікі рэжысёра… Запіс нашай праграмы ішоў да двух-трох гадзін ночы. Вось так днём пачынала і сядзела да ночы. А раніцай праграма выходзіла ў эфір. Было няпроста, але вельмі цікава! Я жыла толькі працай».
Падчас працы на ТБ Наталля сышла ў дэкрэт. Нарадзіла ў 2008 годзе, але вельмі хутка вярнулася на працу, сыну было ўсяго толькі 10 месяцаў. Вось толькі за гэты час на месца Немагай узялі вядучай Люсю Лушчык. А ёй прапанавалі паспрабаваць сябе вядучай «Нашых навін».
З таго часу яна і зачытвае навіны з беларускіх экранаў.
Куміры — расійскія вядучыя НТБ і «Першага канала»
«Вельмі падабаецца Алена Віннік, якая вядзе навіны на НТБ. Мне блізкая яе манера падачы, дзесьці рэзкая, хуткая і экспрэсіўная. Да гэтага доўгі час ставіла сабе ў прыклад Кацю Андрэеву, якая размаўляе з гледачом у гульнявой манеры», — адказвала Наталля на пытанне пра ідэальных тэлевядучых.
Цікава, што Кацярына Андрэева ў апошнія гады стала адным з сімвалаў расійскай тэлепрапаганды.
Дарэчы, праз ТБ у кіно Немагай усё ж трапіла — але на эпізадычныя ролі. На адну з тэлепраграм прыходзіў рэжысёр Дзмітрый Астрахан і папрасіў фатаграфіі Немагай. Пасля гэтага перыядычна яе запрашалі на здымкі.
Як пісала «Советская Белорусія», цяпер Немагай хоча сыграць іншую актрысу:
«Наталля марыць сыграць ролю Монікі Белучы, чакае прапаноў ад італьянскіх рэжысёраў. Кажа, калі зрабіць правільны грым, то Наталлю ад зоркі сусветнага кінематографа не адрозніш. І гэта сапраўды так. Падабенства дзіўнае!»
Захапляецца Італіяй
«У інстытуце я вывучала латынь, а італьянская цалкам на ёй пабудаваная. Ды і ў нашай мове шмат з латыні, мне яе вывучаць было вельмі цікава.
Займаюся ў навучальным цэнтры пры пасольстве. У нас шмат сустрэч з італьянцамі, семінараў, фільмаў, я заўсёды з радасцю іду на заняткі. Вельмі люблю Італію, мы з сынам там праводзім адпачынак: ездзім і на лыжах катацца, і летам на мора. Італьянцы на англійскай мове не вельмі любяць размаўляць, лічаць, што іх мова таксама вялікая. Каб добра іх разумець, адкрываць для сябе гэтую краіну, лепш ведаць мову. Таму такое ў мяне хобі», — дзялілася Немагай.
Нават у сябе ў Інстаграме Наталля пазначыла на італьянскай, што яна тэлевядучая. Таксама дадала фразу «Con i nostri pensieri costruiamo il mondo». Перакладаецца як «сваімі думкамі мы будуем свет».
Жыве ў цэнтры Мінска
Спачатку Наталля жыла ў адной кватэры разам з бацькам і сваім сынам. Пазней пераехала — кватэра плошчай 64 квадратныя метры засталася ёй ад бабулі. Жыллё знаходзіцца на вуліцы Камсамольскай, у самым сэрцы Мінска. Пасляваенны дом прызнаны гісторыка-культурнай спадчынай.
Інтэр’еры Немагай паказвала журналістам «Камсамольскай праўды» ў 2019 годзе:
«Мая парада — глядзіце АНТ!»
Пасля пратэстаў 2020 Наталля Немагай засталася на тэлеканале. Цяпер працягвае зачытваць з экранаў тое, што патрабуецца. Нават калі гэта адкрытая хлусня.
«Усё больш яўны раскол паміж Узброенымі сіламі і ўладамі Украіны — адзначаюць ваенныя эксперты», — зачытвала яна нядаўна ў эфіры.
«Усе няўдачы на фронце офіс прэзідэнта вырашыў зваліць на вайскоўцаў. Зяленскі абвінаваціў галоўнакамандуючага Узброеных сіл Валерыя Залужнага ў тым, што ўсё больш салдат гатовыя скласці зброю і здацца», — сцвярджала ў навінах вядучая.
Таксама Немагай не забываецца паўтараць тэзісы пра «інфармацыйную вайну».
«2020 год добра паказаў, хто ёсць хто. Выпадковыя людзі пайшлі, як быццам бы іх і не было. А тыя, хто застаўся верным прафесіі, сабе, свайму народу, яны былі, ёсць і будуць. Ведаеце, ёсць добрая прымаўка: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся!» — казала Немагай у маі 2022-га. —
Мы — дзяржаўны сродак масавай інфармацыі. Мы не можам казаць няпраўду ці замоўчваць важную інфармацыю. Сёння гэта не мае сэнсу.
Як аддзяліць праўду ад хлусні? Мая парада — глядзіце тэлеканал АНТ! Мы працуем далікатна, філігранна, каб не траўмаваць людзей.
У падачы інфармацыі шмат залежыць ад вядучага: яго харызмы і здольнасці надаць пэўную эмацыянальную афарбоўку той ці іншай вестцы.
У выніку, вельмі часта вядучым прыпісваюць тое ці іншае дзеянне, асацыююць з падзеямі, крытыкуюць, лаюць ці, наадварот, просяць дапамогі. Але ж я асабіста не ўплываю на праблемы, не вырашаю глабальныя пытанні, а толькі асвятляю іх. Гэты момант вельмі важны, і яго трэба разумець».