Кнігі Катлярчука не патрэбныя на радзіме
Беларускі гісторык са Швэцыі Андрэй Катлярчук нядаўна выдаў па-ангельску кнігу «Ў цені Польшчы і Расеі. ВКЛ і Швэцыя падчас эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.», якая, у тым ліку, распавядае пра Кейданскую унію 1655 г. між ВКЛ і Швэцыяй.
28.07.2006 / 15:24
Беларускі гісторык са Швэцыі Андрэй Катлярчук нядаўна выдаў па-ангельску кнігу «Ў цені Польшчы і Расеі. ВКЛ і Швэцыя падчас эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.», якая, у тым ліку, распавядае пра Кейданскую унію 1655 г. між ВКЛ і Швэцыяй. У Стакгольмскім унівэрсытэце сп.Катлярчук абараніў па кнізе доктарскую, апанэнтам на абароне выступаў прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту Робэр Фрост.
Потым аўтар вырашыў бясплатна даслаць асобнікі кнігі галоўным беларускім бібліятэкам. Гэта ён зрабіў 10 чэрвеня, даслаўшы кнігі па ўнівэрсытэцкай прыярытэтнай пошце заказным лістом – такім чынам адпраўленьні мусілі дайсьці акурат у рукі адрасата. І ён моцна зьдзівіўся, калі напрыканцы чэрвеня атрымаў назад пяць асобнікаў кнігі зь бібліятэк унівэрсытэтаў Берасьця, Горадні і Полацку, біблітэкі БДПУ імя М. Танка і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук. Пасылкі ў Швэцыю вярнуліся ў жудасным стане: усе пакамечаныя і падраныя. На ўсіх іх было напісана: «За адмовай». Іншыя бібліятэкі кнігаў не вярталі.
Навуковы супрацоўнік аддзелу міжнароднай сувязі Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Чыкун кажа: «Кніга такая сапраўды да нас прыходзіла, але трэба былі немалыя грошы на мытныя зборы, ПДВ, дэклярацыі. У Акадэміі, на жаль, такіх грошай няма, і мы вымушаны былі адмовіцца ад кнігі сп.Катлярчука. Гэта ўжо ня першы такі выпадак. Часам мы нават накіроўваем адпраўнікам афіцыйныя прабачэньні з тае прычыны, што ня можам забраць кнігі».
Супрацоўнік аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ імя М.Танка Валеры Маціюк кажа, што не існавала ніякага мэханізму атрыманьня кнігі, бо не прыйшло адпаведных дакумэнтаў. «Мы проста не ведалі, да каго зьвяртацца, – кажа Маціюк. – Пытаньне ня ў грашах, там максымум эўра 2–4 заплаціць трэба было. Мы з радасьцю прымаем у бібліятэку кнігі, але проста не было магчымасьці атрымаць».
У Гарадзенскім унівэрсытэце сказалі, што да іх прыйшло пісьмовае паведамленьне аб тым, што кніга знаходзіцца на мытні і трэба аформіць адпаведныя дакумэнты. Ва ўнівэрсытэце палічылі за лепшае не займацца маруднай папяровай працай і плаціць грошы, а адпісалі «за адмовай».
Прыкра, што бібліятэкі ня маюць ні часу, ні грошай, каб аформіць ва ўласны збор кнігі. Ці захоча толькі Андрэй наступным разам дасылаць свае працы ў Беларусь?
Фота Андрэя Лянкевіча