Загнулі цану, а цяпер расплачваемся

Беларусь будзе пастаўляць угнаеньні ў Кітай «на ўзаемапрымальных умовах», заявіў віцэ-прэм’ер.

28.07.2006 / 15:25

Беларусь будзе пастаўляць угнаеньні ў Кітай «на ўзаемапрымальных умовах», заявіў віцэ-прэм’ер.

Беларуская калійная кампанія (БКК) заключыла кантракт з Кітаем – адным з галоўным імпарцёраў нашай сыравіны. Выступаючы ў аўторак перад беларускімі дыпляматамі, першы намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка заявіў, што дакумэнт падпісаны «на ўзаемапрымальных умовах», а заплянаваныя аб’ёмы экспарту ўгнаеньняў па выніках году будуць выкананыя. Аднак гэтыя сьцьверджаньні віцэ-прэм’ера выклікаюць сумневы. Згодна з новым кантрактам, аб’ём прададзенай у Кітай прадукцыі складзе 1,7 млн тон угнаеньняў, што меней, чым у 2005 г., калі было прададзена 2 млн тон.

Што да цаны, то віцэ-прэм’ер яе не назваў. Адмаўляецца ад камэнтароў і БКК. Інтэрнэт-газэта «Салідарнасць» мае зьвесткі, што прадстаўнікі Кітаю сышліся на цане 190 даляраў за тону. Шмат гэта ці мала? Адказаць на гэтае пытаньне няпроста, піша gazetaby.com. Справа ў тым, што гандаль угнаеньнямі, як і многія іншыя сфэры дзейнасьці ў нашай дзяржаве, цяжка назваць празрыстым. Адны крыніцы сьцьвярджаюць, што летась Беларусь аддавала прадукцыю па 165 даляраў за тону, а на пачатку перамоваў мэнэджэры БКК разьлічвалі падняць цана да 205. Другія кажуць, што раней прадавалі па 210, а хацелі – па 240–245 даляраў за тону.

Летась месячныя пастаўкі складалі каля 650 тысяч тон. Апошнія ж некалькі месяцаў гэтага году «Беларуськалій» прадаваў толькі пад 300 тысяч тон угнаеньняў за месяц. У выніку краіна можа недаатрымаць валюту. Летась даход ад продажу калійных угнаеньняў склаў каля мільярда даляраў.

Фота Андрэя Лянкевіча

МБ