У Брэсце з палітвязня спаганяюць кошт вучобы, якую ён не змог адпрацаваць з-за арышту 

Маскоўскі суд Брэста абавязаў палітвязня Якава Шафарэнку, асуджанага на 5,5 гадоў пазбаўлення волі за «масавыя беспарадкі» (артыкул 293 КК), выплаціць мясцоваму ліцэю кошт вучобы, якую ён не можа адпрацаваць праз тэрмін у калоніі, паведамляе «Берасцейская Вясна».

21.06.2022 / 19:48

Па рашэнні суда Шафарэнка абавязаны выплаціць ліцэю 3 605 рублёў, а таксама крыху больш за 180 рублёў дзяржпошліны.

Шафарэнка скончыў Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў на бюджэтнай форме навучання. Пасля гэтага яго накіравалі на адпрацоўку ў фірму, якую ён абраў сам. Аднак хлопец не паспеў нават пачаць там працаваць, бо быў затрыманы па крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» у снежні 2020 года.

8 лістапада 2021 года суд Ленінскага раёна вынес прысуды па справе аб «масавых беспарадках» 19 абвінавачаным, у тым ліку і Шафарэнку.

Nashaniva.com