Янка Брыль і Ліцэй
Сумная вестка пра сьмерць Янкі Брыля засьпела выкладнікаў і навучэнцаў Беларускага Ліцэю ў Гданьску. А дакладней – не ў самім Гданьску, а на паўвысьпе Гэль – акурат у той самай мясьціне, дзе Янка Брыль у складзе марской пяхоты Войска Польскага ў першыя дні верасьня 1939 г. прыняў удар нацыстоўскае ваеннае машыны.
28.07.2006 / 15:26
Сумная вестка пра сьмерць Янкі Брыля засьпела выкладнікаў і навучэнцаў Беларускага Ліцэю ў Гданьску. А дакладней – не ў самім Гданьску, а на паўвысьпе Гэль – акурат у той самай мясьціне, дзе Янка Брыль у складзе марской пяхоты Войска Польскага ў першыя дні верасьня 1939 г. прыняў удар нацыстоўскае ваеннае машыны. Усё гэтак сымбалічна... Узгадайма, што дэкрэт аб афіцыйным закрыцьці Ліцэю быў падпісаны тагачасным старшынём ураду Навіцкім акурат у дзень пахаваньня Васіля Быкава...
І ўсё ж такі хочацца ўзгадваць тое, што зьвязвае Ліцэй з жывым, гэткім незабыўным Брылём. Помніцца, як у першай палове 90-х гадоў Янка Брыль разам са сваёй дачкой Наталяй Семашкевіч ахвяраваў у ліцэйскую бібліятэку вялікую колькасьць добрых і каштоўных кніг (пасьля захопу ліцэйскага будынку АМАПам лёс вялікае іх часткі, на жаль, невядомы). Гэтыя кніжкі прыносілі дадому і чыталі Ільля Сін і Міхась Баярын, Раман Падаляка і Прымавера, Сяргей Сматрычэнка і Ўсяслаў Шатэрнік, Глеб Лабадзенка і Мікалай Астрэйка...
Добра памятаецца візыт Янкі Брыля ў Ліцэй у 2001 г. Майстар з ахвотай і вялікім зацікаўленьнем правёў больш за чатыры гадзіны зь ліцэістамі і выкладчыкамі, адказаў на безьліч пытаньняў, нават крыху быў засьпяваў... Тады здавалася, што гэткія сустрэчы будуць яшчэ і яшчэ. Ня выпала...