МЗС падрыхтаваў даклад аб парушэнні правоў чалавека

МЗС Беларусі падрыхтаваў даклад пад назвай «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету — 2022». Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі замежнадыпламатычнага ведамства Ірына Вялічка.

22.06.2022 / 19:00

Ірына Вялічка

«Сёлета МЗС Беларусі падрыхтаваў чарговы даклад аб парушэннях правоў чалавека ў асобных краінах, у якім таксама закранутыя выпадкі парушэнняў правоў чалавека па тэме дыскусіі сённяшняга мерапрыемства», — сказала Вялічка падчас тэматычнага мерапрыемства, арганізаванага сумесна Беларуссю і Расіяй на палях 50-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў анлайн-фармаце. 

Тэматыка мерапрыемства была цалкам у рэчышчы палітычных кампаній у сферы гістарычнай памяці, якія цяпер праводзяцца беларускім рэжымам. На ім абмяркоўваліся «сучасныя формы і праявы расізму, расавай дыскрымінацыі і звязанай з імі ксенафобіі ў Еўропе з фокусам на тэме віктымізацыі і гераізацыі памагатых нацыстаў».

Па словах прадстаўніцы МЗС, іхні даклад у найбліжэйшы час апублікуюць на сайце МЗС і распаўсюдзяць «сярод нацыянальнай і міжнароднай грамадскасці». 

Nashaniva.com