Зяленскага ўвесь час суправаджае гэты ахоўнік. Вось што пра яго вядома
Былы камедыйны акцёр, а цяпер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нечакана, відаць, нават для самога сябе стаў адным з самых уплывовых і аўтарытэтных людзей свету. Паколькі ён прэзідэнт дзяржавы ў стане вайны, ягонай бяспецы надаюць велізарную ўвагу. Над аховай Зяленскага працуюць дзясяткі, а то і сотні людзей. Але адзін з іх — увесь час побач з прэзідэнтам. Хто такі Максім Данец, які ахоўвае Зяленскага з першых дзён прэзідэнцтва?
23.06.2022 / 21:12
Данец суправаджае Зяленскага і Джонсана ў Кіеве. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
Пра Данца, які і пра любога ахоўніка кіраўніка любой дзяржавы, вядома не так шмат. Упершыню на яго звярнулі ўвагу ў 2019 годзе, калі Зяленскі толькі пачынаў сваю палітычную кар’еру.
Максім Данец да 2019 года вядомы як адзін з пастаянных асабістых ахоўнікаў алігарха Ігара Каламойскага. Побач з Зяленскім Данца сталі заўважаць з самага пачатку яго выбарчай кампаніі. Так, у лютым 2019 года целаахоўнік Каламойскага суправаджаў тады яшчэ кандыдата ў прэзідэнты Зяленскага ў Львове.
Данец суправаджае Каламойскага.
Тады гэта выклікала шматлікія асцярогі адносна магчымай залежнасці палітыка ад алігарха.
Вось як тлумачыў сам Зяленскі той факт, што карыстаўся аховай алігарха.
«У нас кантракт, кантракт з пункту гледжання кампаніі, якая займаецца аховай, якая займаецца бяспекай. Вось і ўсё. Андрэй Богдан (юрыст Ігара Каламойскага, які пазней кіраваў Офісам прэзідэнта Украіны — НН) — адна з трох кампаній — ён там адзін з кампаньёнаў, я не ведаю, уласна кажучы, усю сістэму цалкам, хто з іх там кампаньён, хто гаспадар гэтай кампаніі. Ёсць тры кампаніі, якія займаюцца юрыдычным суправаджэннем нашай партыі, нашай каманды. Вось і ўсё», — тлумачыў тады Зяленскі.
Вядома, што ахову Каламойскага забяспечвала кампанія SecureIT. Адзін з яе сузаснавальнікаў — «Укрнафта» Каламойскага. Другі — Алег Шайхет, у мінулым яшчэ адзін ахоўнік Каламойскага. Алег Шайхет — бацька начальніка паліцыі Мікалаеўскай вобласці Сяргея Шайхета і яго брата Ігара Шайхета, кіраўніка прыватнай інкасатарскай кампаніі.
Пасля другога тура выбараў, у красавіку 2019 года, Зяленскі разам з сям’ёй паехаў на адпачынак у Турцыю. Там яго сустрэлі расійскія прапагандысты, і менавіта Данец вымушаны быў ахоўваць Зяленскага ад надакучлівых расіян.
Данец адганяе расійскіх прапагандыстаў.
Зяленскі ў першыя ж дні свайго прэзідэнцтва зрабіў Данца кіраўніком сваёй Службы бяспекі.
Вядома пра Данца няшмат. У яго ёсць жонка Наталля і сын Мацвей. У дэкларацыі за 2018 год пазначалася, што свайго жылля ў Максіма Данца няма, але ёсць права на пражыванне ў інтэрнаце вайсковай часці, а таксама ў дзвюх бацькавых кватэрах у Вышгарадзе (Кіеўская вобласць) плошчай 140 і 42 квадраты. Таксама паведамлялася, што ў Данца ёсць машына 2011 года.
Данец падчас сустрэчы Зяленскага і Лукашэнкі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
У канцы сакавіка Зяленскі прысвоіў свайму ахоўніку званне брыгаднага генерала.
Вядома, Данец — далёка не адзіны ахоўнік Зяленскага. Над аховай украінскага прэзідэнта працуюць зараз дзясяткі, а магчыма, і сотні людзей.
Адметна, што мінулых прэзідэнтаў Украіны ахоўвалі ад 10 да 15 чалавек, а вось Зяленскі яшчэ да вайны павялічыў прэзідэнцкую ахову ў разы. У прыватнасці, у канцы 2021 года стала вядома, што толькі ў першым кальцы Зяленскага ахоўваюць каля 70 чалавек, акрамя гэтага, на перыметры стаяць людзі з разведкі і перадавыя групы. Цалкам імаверна, што з пачаткам вайны колькасць як ахоўнікаў, так і структур, задзейнічаных у ахове Зяленскага, істотна ўзрасла.
З 2019 года Зяленскі жыве ў атмасферы пастаянных сігналаў пра небяспеку ягонаму жыццю, і з пачаткам вайны гэтыя асцярогі толькі ўзмацніліся.
Заходнія разведкі паведамлялі, што Масква планавала ажыццявіць у лютым 2022-га фізічную ліквідацыю кіраўнікоў украінскай дзяржавы. Украінскія сілавікі заяўляюць, што ім удалося прадухіліць некалькі спроб забойства Уладзіміра Зяленскага.