Лаўроў: Масква ў 2020 годзе была гатовая аказаць Лукашэнку не толькі палітычную падтрымку
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» назваў пратэсты 2020 года ў Беларусі «непрыемным эпізодам», інспіраваным Захадам. І пацвердзіў, што калі б расійскай палітычнай і маральнай падтрымкі тады не хапіла, то Расія аказала б Лукашэнку і любую іншую.
24.06.2022 / 00:23
«Той непрыемны эпізод выразна паказаў, што мы — сапраўдныя саюзнікі. У расійскага кіраўніцтва, афіцыйных асоб не было ніякіх сумневаў у тым, што мы павінны дапамагчы нашаму брацкаму беларускаму саюзніцкаму народу і дзяржаве.
Дарэчы, як не было сумневаў у АДКБ у студзені гэтага года, калі ў Казахстане нешта падобнае, але ў іншых формах і маштабах было зроблена», — заявіў Лаўроў.
Па словах пуцінскага міністра, у 2020 годзе «Расія неадкладна аказала палітычную і маральную падтрымку і была гатовая аказаць любую іншую падтрымку для недапушчэння дзяржаўнага перавароту».
У канцы жніўня 2020 года Уладзімір Пуцін сапраўды заяўляў, што на просьбу Аляксандра Лукашэнкі сфармаваў рэзерв з сілавікоў для дапамогі беларускім уладам.