Старонка перагортваецца, але сітуацыя можа перарасці ў гвалтоўнае супрацьстаянне. Новае даследаванне пра беларусаў

Узмацненне міжнароднай ізаляцыі Беларусі, дэсуверэнізацыя краіны, разрыў сувязяў з Захадам, далейшая палярызацыя ўнутры грамадства на фоне вайны і вяртанне Аляксандрам Лукашэнкам падтрымкі часткі нейтральна настроеных грамадзян — гэтыя і іншыя трэнды адзначылі аўтары аналітычнага дакладу «Беларускі трэкер пераменаў».

28.06.2022 / 21:01

Аналітычны даклад «Беларускі трэкер пераменаў» падрыхтавалі найлепшыя беларускія аналітыкі. Гэта асацыяваны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Павел Слюнькін, заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман, незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў, праграмны дырэктар «Беларускай акадэміі» і старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў, акадэмічны дырэктар BEROC і запрошаны прафесар Універсітэта Карласа III у Мадрыдзе Кацярына Барнукова і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Сваёй мэтай яны паставілі ўбачыць і вылучыць устойлівыя і адносна доўгатэрміновыя трэнды «за заслонай інфармацыйнага патоку і ў сітуацыі крайняй валацільнасці як у эканоміцы, палітыцы і грамадскіх настроях, так і ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі». 

Свой аналіз яны рабілі на аснове анлайн-апытанняў. Хто іх праводзіў — не раскрываецца. Аўтары даследавання прызнаюць складанасць і магчымыя скажэнні рэальнай карціны праз сітуацыю ў краіне і тое, што ўдзельнікамі апытанняў было гарадское насельніцтва. Больш падрабязна з умовамі апытанняў можна азнаёміцца тут.

Знешняя палітыка

«Садзейнічанне расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны павялічыла міжнародную ізаляцыю Беларусі і яе таксічнасць», — канстатуюць аўтары даследавання.

Узброенае ўварванне Расіі ва Украіну не толькі стала адной з ключавых падзей найноўшай гісторыі Беларусі, але яно, на думку аўтараў, вызначыць траекторыю развіцця краіны на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.

«Глыбіня залежнасці Мінска ад Масквы, характар адносін з Расіяй, які склаўся пасля пачатку ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе, не дазволілі ўладам Беларусі ў чарговы раз выкарыстаць гарачы рэгіянальны крызіс для знешнепалітычнага балансавання, як гэта было зроблена ў 2014 годзе».

Дзеянні рэжыму Лукашэнкі — прадастаўленне сваёй тэрыторыі, ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры для нападу на Украіну, тылавое забеспячэнне, медыцынская і іншая дапамога акупацыйным войскам — былі расцэненыя заходнімі краінамі як саўдзел у агрэсіі. Хоць АБСЕ ў сваёй справаздачы не аднесла Беларусь да бакоў канфлікту, агульны кантэкст міжнароднага ўспрымання нашай краіны ад гэтага не змяніўся. Не паўплывалі на яго і спробы Мінска змяніць свой вобраз на больш пазітыўны.

Дыялог з Захадам замарозіўся. Мінск не гатовы ісці на саступкі, якія ад яго чакаюць.

Таму рэжыму Лукашэнкі застаецца толькі палохаць Захад пагаршэннем сітуацыі — «акцэнтаваць увагу на сваіх магчымасцях яшчэ больш ускладніць рэгіянальную сітуацыю ў сферы бяспекі (размясціць у Беларусі расійскае, у тым ліку ядзернае, узбраенне, далучыцца да расійскіх войскаў ва Украіне, прызнаць акупацыйныя адміністрацыі на ўкраінскіх тэрыторыях у якасці законнай улады) і ў галіне правоў чалавека ўнутры Беларусі (пашырыць практыку прымянення смяротнага пакарання на палітычных апанентаў)».

Па задумцы ўлады, такая перспектыва павінна стымуляваць Захад да змякчэння патрабаванняў.

«Выбіраючы паміж малаперспектыўнымі спробамі наладзіць дыялог з Захадам і добра знаёмым гандлем лаяльнасцю і суверэнітэтам Беларусі ў абмен на палітыка-фінансавую дапамогу Масквы, Лукашэнка, відавочна, робіць стаўку на другое».

Аналітыкі адзначаюць рух Беларусі «назад у СССР». Справа не толькі ў тым, што Лукашэнка — «глыбока савецкі па сваіх поглядах», але і ў тым, што частковая рэстаўрацыя эканамічных практык СССР у рамках двухбаковых стасункаў з Расіяй з'яўляецца адной з нямногіх магчымасцяў выправіць становішча.

«У доўгатэрміновай перспектыве такая палітыка па дэсуверэнізацыі Беларусі пагражае тым, што Беларусь будзе заставацца незалежнай дзяржавай толькі фармальна, а ключавыя ўнутры— і знешнепалітычныя рашэнні будуць прымацца ў Маскве», — гаворыцца ў дакладзе.

Надзеі на Кітай, іншыя азіяцкія краіны сябе не апраўдалі. «Кітай і іншыя дзяржавы рэгіёна асцерагаюцца трапіць пад другасныя санкцыі ЗША, а акрамя таго, эканамічна ізаляваная Беларусь малапрывабная для іх як партнёр».

Нечаканыя плюсы вайны для кіруючага рэжыму

Уварванне Расіі ва Украіну і саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі разам з відавочнымі выдаткамі прынесла яму і нечаканыя знешнепалітычныя выгады, робяць выснову аўтары даследавання.

Парушылася выразная дыферэнцыяцыя на «рэжым» і «народ», якая замацавалася ў міжнародным палітычным дыскурсе пасля 2020 года. Дзеянні рэжыму кінулі цень на ўсіх уладальнікаў пашпартоў Рэспублікі Беларусь.

«Толькі наяўнасць арганізаваных груп беларусаў, якія ваююць на баку ўкраінскага войска, партызанскі антываенны рух і сацапытанні, якія пацвярджаюць негатыўнае стаўленне беларускага грамадства да перспектывы ўводу беларускага войска ва Украіну, дазволілі ў выніку крыху выправіць сітуацыю», — пішуць аўтары.

Такая рэакцыя свету расчаравала апазіцыйна настроеных беларусаў, якія пацярпелі ад несправядлівага пакарання за злачынствы рэжыму, супраць якога яны змагаліся.

Большасць беларускіх палітычных уцекачоў, якія пражывалі ва Украіне да лютага 2022 года і вымушаныя былі бегчы ад вайны, не атрымалі механізмаў абароны і дапамогі, на якія могуць прэтэндаваць грамадзяне Украіны.

Акрамя таго, вайна ўмацавала вобраз Лукашэнкі як адзінага беларускага палітыка, які мае ўплыў на працэс прыняцця ключавых рашэнняў у Беларусі.

Ну і нарэшце, фокус увагі міжнароднай супольнасці па аб'ектыўных прычынах сышоў на жахі вайны ва Украіне і аказанне дапамогі Кіеву. Рэпрэсіі, падаўленне іншадумства ў Беларусі цяпер застаюцца практычна незаўважанымі для міжнароднай супольнасці.

Унутраная палітыка

Вайна стала вызначальнай і ва ўнутранай палітыцы Беларусі вясной 2022 года. «Саўдзел Мінска ў расійскім уварванні стаў падставай для новай хвалі пратэснай мабілізацыі і іншых формаў супраціву. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да ажыўлення як апазіцыі ў выгнанні, так і ўладаў, якія адрэагавалі рэпрэсіямі і мабілізацыяй сваіх «актывістаў».

Рэферэндум, фінальныя дні якога супалі з пачаткам вайны, не аказаў значнага ўплыву на палітызацыю краіны і прайшоў у цені антываенных пратэстаў.

Аўтары даследавання канстатуюць, што ацаніць колькасць удзельнікаў розных формаў пратэстаў немагчыма: праз знішчэнне амаль усіх непадкантрольных уладзе СМІ асвятленне акцый зводзілася да публікацыі рэдкіх відэа і фота ад саміх удзельнікаў. Аднак па ўскосных прыкметах можна зрабіць выснову, што колькасць пратэстоўцаў у розных формах (ад выкарыстання пратэснай атрыбутыкі да ўдзелу ў шэсці) складала як мінімум некалькі тысяч чалавек. Праваабаронцам вядома пра больш чым 900 затрыманых толькі 27-28 лютага ў Мінску і іншых гарадах, што супастаўна з колькасцю затрыманых падчас нядзельных маршаў восенню 2020 года.

Пасля падаўлення вулічнай актыўнасці незадаволенасць дзеяннямі Расіі і беларускай улады ў сувязі з вайной знайшла выражэнне ў іншых формах. Дзясяткі людзей перайшлі да акцый «прамога дзеяння» — пашкоджанняў на чыгунцы для запаволення руху расійскіх вайсковых эшалонаў, тысячы людзей уключыліся ў адсочванне перасоўванняў расійскіх войскаў і пускаў ракет з беларускай тэрыторыі.

Змянілася з пачаткам вайны і палітыка беларускай апазіцыі. Пазіцыя штаба Ціханоўскай кантрастуе з пазіцыяй рэжыму Лукашэнкі. Заявы Ціханоўскай у дачыненні да Расіі памянялі асцярожны і дыпламатычны характар, на адкрыта антырасійскі і праўкраінскі.

Офіс Святланы Ціханоўскай фіксуецца на вырашэнні гуманітарных і консульскіх праблем беларускіх грамадзян, выступае іх адвакатам перад заходнімі палітыкамі. Дзякуючы намаганням дэмакратычных сіл і беларускіх НДА, удалося пераканаць шэраг еўрапейскіх краін перагледзець свае планы па ўвядзенні абмежаванняў у дачыненні да грамадзян Беларусі або значна спрасціць механізмы легалізацыі для іх.

Палітычныя ініцыятывы Ціханоўскай — стварэнне «Пераходнага кабінета як нацыянальнага органа ўлады» і заклік да антываеннага руху з акцыямі прамога дзеяння — засталіся толькі часткова рэалізаванымі: «У яе офіса і іншых дэмсілаў у выгнанні не з'явілася новых механізмаў уплыву на палітычныя працэсы ўнутры Беларусі».

«Вяртанне апазіцыі ва ўнутраную палітыку не ператварылася ва ўстойлівы трэнд, у асноўным па аб'ектыўных прычынах», — пішуць аўтары даследавання.

У той жа час гульцы «другога эшалона» апазіцыі зрабілі спробу інстытуалізавацца. Яны правялі «Форум дэмакратычных сіл». Аб жыццяздольнасці новай структуры пакуль рабіць высновы немагчыма, пішуць аўтары.

Ну а рэакцыя ўладаў на падзеі стала чаканай — актывізацыя рэпрэсій: «Арышты ўдзельнікаў вулічных акцый, прымяненне да іх катавальных умоў утрымання ў ізалятарах, веерныя затрыманні дзясяткаў чыгуначнікаў па падазрэнні ў дачыненні да дыверсій, дэманстратыўнае прымяненне агнястрэльнай зброі для затрымання адной з груп «рэйкавых партызан» у канцы сакавіка, увядзенне ў Крымінальны кодэкс смяротнага пакарання за замах на тэрарызм».

Улады прыступілі да канчатковай зачысткі інстытуцыйных структур грамадзянскай супольнасці — гэтым разам чарга дайшла і да рэшткаў прафсаюзаў, перайшлі з інстытуцыялізаваных структур грамадзянскай супольнасці на актывістаў, узмацнілі пераслед у нацыянальна-культурнай сферы (забароны выстаў і канцэртаў, закрыццё незалежных кніжных выдавецтваў і крамаў, усе кнігі, унесеныя ў гэты спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ў 2022 годзе, былі на беларускай мове).

Ціску падвергнуліся і нацыянальныя меншасці Беларусі: літоўскім і польскім школам забаранілі выкладаць на сваіх мовах.

«Падтрэндам» у рамках эскалацыі рэпрэсій аўтары даследавання называюць актыўнае ўцягванне ў барацьбу з апанентамі праўладных актывістаў. 12 мая дзясяткі людзей з дзяржаўных СМІ, БРСМ, «Белай Русі», Ліберальна-дэмакратычнай партыі і руху «Русь маладая» зладзілі акцыю ля амбасады Украіны. У маі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая наведалі непажаданыя кнігарню і выставу, што амаль неадкладна прывяло да зняцця карцін «нядобранадзейных» мастакоў і пераследу кнігавыдаўца Андрэя Янушкевіча. Аналагічным чынам пасля скаргаў Азаронка і іншых прапагандысцкіх рэсурсаў адмянілі канцэрт расійскага музыкі Басты.

«Калі гэтая тэндэнцыя атрымае ўстойлівае развіццё, можна будзе канстатаваць эвалюцыю беларускага аўтарытарызму ў бок выкарыстання таталітарных практык ‒ мабілізацыі сваіх «хунвэйбінаў» для падаўлення апанентаў і падтрымання пэўнай планкі ідэалагічнай «чысціні» ў грамадстве».

Сацыяльнае супрацьстаянне: старонка перагортваецца?

Змену грамадскай думкі ў сувязі з вайной аўтары даследавання паспрабавалі прааналізаваць з дапамогай некалькіх інструментаў, асноўны з якіх — Сегментацыя сацыяльнага канфлікту.

Беларускае грамадства падзялілі на чатыры групы, якія адрозніваюцца па ступені даверу або недаверу да ўлады: заўзятыя прыхільнікі, схільныя давяраць, схільныя не давяраць, заўзятыя праціўнікі.

Іх падзялілі на дзве часткі — схільных не давяраць і заўзятых праціўнікаў улады і тых, хто схільны давяраць яе структурам і яе заўзятых прыхільнікаў.

Сегменты, паказала даследаванне, моцна адрозніваюцца па сацыяльна-дэмаграфічных прыкметах. Сярод заўзятых праціўнікаў значна больш мужчын, больш адукаваных, прадстаўнікі сегмента часцей пражываюць у Мінску і маюць больш высокі даход.

Сярод прадстаўнікоў заўзятых прыхільнікаў, наадварот, больш жанчын. Заўзятыя прыхільнікі менш адукаваныя, маюць даход ніжэй сярэдняга.

За паўгода колькасць тых, хто схільны давяраць уладзе, вырасла.

У кастрычніку 2021 года баланс «заўзятыя прыхільнікі + схільныя давяраць» VS «заўзятыя праціўнікі + схільныя не давяраць» складаў прыкладна 38 / 62. У маі 2022 года гэты паказчык складаў прыкладна 48 / 52.

Як такое атрымалася? Хутчэй за ўсё, за кошт «нейтральных» людзей.

«Вайна — вельмі непапулярная з'ява сярод беларусаў. Так, даследаванне Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага паказвае 11% падтрымкі ўступлення Беларусі ў вайну, даследаванне Chatham House фіксуе толькі 6% жадаючых уступлення арміі Беларусі ў вайну на баку РФ. Разам з тым беларускае грамадства моцна баіцца быць уцягнутым у вайну. У такой сітуацыі «галубіная» рыторыка Аляксандра Лукашэнкі пра тое, як краіна супраціўляецца ўцягванню ў вайну, знаходзіць сваю аўдыторыю.

Вобраз патэнцыйнага «жудаснага» будучага, у якім Беларусь вымушаная ўступіць у вайну, пераважвае пагаршэнне матэрыяльнага становішча, што на гэтым фоне выглядае як не самы дрэнны варыянт развіцця падзей», — пішуць аўтары.

Аднак, на іх думку, атрыманы вынік наўрад ці захаваецца ў доўгатэрміновай перспектыве: «Як і любы іншы прыклад згуртавання вакол сцяга, гэты выпадак уяўляе сабой эмацыйную рэакцыю, якая спадзе з цягам часу».

Раскол у грамадстве

Вайна ўзмацніла раскол у грамадстве. З пункту гледжання ўзаемнага непрымання сацыяльных груп, аўтары вылучаюць тры групы, у якіх назіраецца найбольш моцны раскол адносна прадстаўнікоў розных сегментаў.

Акрамя традыцыйнай лініі расколу «перакананыя праціўнікі і прыхільнікі Лукашэнкі», новыя расколіны пайшлі па лініях «рускія і ўкраінцы», а таксама «прыхільнікі і праціўнікі дзеянняў Расіі ва Украіне».

«Вайна ва Украіне і спадарожныя ёй або апасродкаваныя ёю лаяльнасці і ідэнтычнасці вельмі лёгка ўбудаваліся ў існуючую структуру сацыяльнапалітычнага канфлікту. Ад тыповага прыхільніка рэжыму праціўнік улады будзе чакаць падтрымкі Расіі ў вайне з Украінай і наадварот».

Новай жа можна лічыць выснову аўтараў пра радыкалізацыю грамадства ажно да гвалтоўнага супрацьстаяння. Яны канстатуюць, што з улікам працэсаў радыкалізацыі палярных сегментаў велізарную важнасць набывае той факт, што ў заўзятых праціўнікаў улады можа з'явіцца свой «сілавы» блок у выглядзе палка Каліноўскага.

«Паколькі беларусы гатовыя на партызанскія акцыі на чыгунцы нават ва ўмовах татальных рэпрэсій, далейшая радыкалізацыя і павелічэнне дыстанцыі паміж заўзятымі прыхільнікамі і заўзятымі сапернікамі могуць у нейкі момант перарасці ў гвалтоўнае супрацьстаянне».

Nashaniva.com