«Сапраўдныя дакументы, але іншага чалавека». 14 чалавек трапілі ў турмы з-за агента. Вось як ён пранік у «Рабочы рух»

Прадстаўнік «Рабочага руху» расказаў «Нашай Ніве», як даверлівасць пры наладжванні кантактаў на пачатковым этапе дзейнасці прывяла да правалу. І як гэта вымусіла змяніць «пратаколы бяспекі».

29.06.2022 / 20:13

Рабочы рух створаны рабочымі з розных прадпрыемстваў Беларусі. Гэта адна са структур, народжаных 2020 годам, рухам за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці. Рабочыя прыйшлі да высновы, што толькі масавымі забастоўкамі можна дабіцца выканання патрабаванняў народу, самі сабою заклікі і дэманстрацыі не працуюць.

Для ўладаў Беларусі стачка — гэта табу. У краінах Еўропы штогод здараюцца тысячы страйкаў, часам каб дабіцца павышэння заробкаў, часам з сацыяльнымі ці палітычнымі патрабаваннямі — іншы раз паспяховых, іншы раз не. У Беларусі ж за спробу арганізацыі забастоўкі людзі трапляюць за краты. 

У 2020-м гучныя мітынгі прайшлі на многіх прадпрыемствах, шмат дзе, у тым ліку на «Беларуськаліі», утварыліся страйкамы.

Разгубленыя ад масавасці пратэстаў улады спачатку асцярожнічалі, баючыся справакаваць выбух народнага гневу. Рабочыя актывісты меркавалі, што так будзе заўсёды і што яны змогуць праводзіць дзейнасць хоць з рызыкай для сябе, але прынамсі адносна адкрыта. 

Вясною 2021 года «Рабочы рух» шукаў актывістаў на прадпрыемствах Гомельскай вобласці — хацелі наладзіць сувязі з людзьмі, якія працуюць на буйных прадпрыемствах рэгіёна. 

«У нас у камандзе быў чалавек, які падтрымліваў адносіны з адміністратарамі чатаў «Краіна для жыцця» і сеткі чатаў «97%». Мы кінулі заклік па адмінах чатаў, маўляў, шукаем актывістаў. І адна адміністратарка адгукнулася. Яе звалі Таццяна Курыліна, — згадвае прадстаўнік Рабочага руху.

Гэтая Курыліна перадала нам кантакт чалавека. Расказала, што ён правераны, што актывіст. Казала, што ён раней разносіў і расклейваў улёткі».

Той «надзейны чалавек ад Курылінай» прадаставіў доказы — пропуск на «Гомсельмаш» са сваім фота, прозвішчам і пасадай.

Фота, якое хлопец прадаставіў у якасці доказу, што сапраўды працуе на «Гомсельмашы»

Згодна з дакументам, хлопца звалі Яўген Богуш, працаваў ён нібыта інспектарам па ахове працы на «Гомсельмашы». Прадстаўнікі «Рабочага руху» ўдакладнілі інфармацыю ў людзей з «Гомсельмаша», ім перадалі, што сапраўды ёсць такі Яўген Богуш, маўляў, нармальны хлопец. На тым праверка і скончылася.

І недзе з мая-чэрвеня 2021 года Богуша паціху пачалі прыцягваць да абмеркаванняў.

«Ëн кантактаваў з намі, нават перадаваў нейкую інфармацыю. Яе правяралі — гэта былі праўдзівыя звесткі.

Богуш не меў доступу да нейкіх унутраных баз ці працэсаў. Але прысутнічаў на сазвонах. Праз гэта ведаў у твар некаторых нашых людзей, у тым ліку і тых, хто яшчэ заставаўся ў Беларусі, — кажуць у «Рабочым руху». — Як пасля нам стала вядома, сазвоны Богуш запісваў».

Увосені 2021 года Сяргей Дылеўскі разам з лідарамі «Хартыі-97» Андрэем Саннікавым, Наталляй Радзінай і палітолагам Дзмітрыем Балкунцом абвесціў так званы «Усебеларускі страйк». 

І ў гэты момант сілавікі пачалі прыходзіць па людзей, якія былі звязаныя з «Рабочым рухам».

«За некалькі дзён да таго, як нашых пачалі хапаць, з боку таго Яўгена Богуша раптам пачалася нейкая нездаровая актыўнасць. Ён пачаў казаць пра жаданне сустрэцца з як мага большай колькасцю актывістаў. Вельмі актыўна ўключыўся ў працу, расказаў, што ў яго якраз камандзіроўка ў Мінск і ён мог бы дапамагчы з лістоўкамі, сустрэцца з распаўсюднікамі…

Гэта на яго было непадобна. Такі быў сціплы хлопец — а тут раптам такая актыўнасць.

Тады мы звярнуліся да «Кіберпартызанаў». Богуша «прабілі» — і аказалася, што ён зусім не той, за каго сябе выдае, — расказвае прадстаўнік «Рабочага руху». — Аказалася, сапраўднае імя хлопца — Аляксей Грузінаў. Яму 23 гады, і ні на якім «Гомсельмашы» ён не працуе. 

А гэтае фота са старонцы хлопца ў «Аднакласніках». Там пазначана: Аляксей Грузінаў, Гомель

Пры гэтым пропуск у яго быў арыгінальны, са звесткамі сапраўднага работніка — але з замененай фоткай. То-бок, інспектар па ахове бяспекі Яўген Богуш сапраўды існаваў і працаваў на «Гомсельмашы», але выглядаў не так і з намі не звязаўся. 

А рэкамендаваны Курылінай чалавек з пропускам «Гомсельмаша» — Грузінаў Лёша, агент КДБ, мяркуем».

Увосені 2021 года ў Беларусі было пяцёра прадстаўнікоў «Рабочага руху», яшчэ адзін чалавек — у Расіі. Некаторых затрымалі, некаторыя змаглі пакінуць краіну. Хлопца, які быў у Расіі, затрымлівала ФСБ.

Затрымлівалі шмат народу, многія нават не мелі ніякага дачынення да «Рабочага руху», некаторых пасля адпусцілі. 

Усяго ў турмы папала і было далучана да справы «Рабочага руху» 14 чалавек. Частку з іх утрымлівалі ва ўмовах, прыроўненых да катаванняў. Пяцярых пазней выпусцілі пад падпіскі ці пад заклад (усіх выпускалі па-рознаму). З трох чалавек з пяці знялі абвінавачванні. Астатнія сядзяць.

Тут трэба спыніцца на асобе спадарыні Курылінай. Яна была адміністратаркай чатаў «97%», названых так па меме 2020 года — тады ў інтэрнэт-апытанках Аляксандр Лукашэнка паслядоўна набіраў толькі 3% галасоў.

Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. 

Таццяна Курыліна

У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай.

Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі. 

На ТБ, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байполам», расказвала нюансы сваёй працы.

Лебедзева сцвярджала, што Курыліна адна з тых, хто пасля выезду за мяжу вырашыў перагледзець свае погляды і вярнуцца ў Беларусь, каб «загладзіць віну» добраахвотным прызнаннем, але паслужны спіс Лебедзевай не схіляе да даверу ёй. 

Па інфармацыі «Байпол» усё было зусім не так.

«Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць», — кажа прадстаўнік «Байпола». 

«Але на той момант, у 2021 годзе, у нас яшчэ не было сувязі з «Кіберпартызанамі», не было выразнай схемы верыфікацыі людзей, — прызнае суразмоўца з «Рабочага руху». — І мы паверылі Курылінай, што сапраўды, такі чалавек існуе.

Недакладныя праверкі людзей — гэта была неахайнасць з нашага боку, безумоўна. Пасля гэтага мы сталі любога чалавека «прабіваць» з дапамогай «Кіберпартызанаў» і «Байпола».

«Далейшы лёс Грузінава нам невядомы. Але мы ўпэўненыя, што ён працуе на КДБ», — дадае ён. 

Цяпер спецслужбы актыўна працуюць над вярбоўкай студэнтаў, кажа чалавек з «Рабочага руху». «Студэнты ўразлівы пласт», — тлумачыць ён.

«І ўжо былі спробы ўкараніць да нас такіх студэнтаў, але мы выяўлялі, што яны працуюць па метадычках», — сказаў «Нашай Ніве» рабочы.

Дзевяці актывістам «Рабочага руху», якія застаюцца ў СІЗА, пагражае да 15 гадоў зняволення. Іх абвінавачваюць па артыкулах аб дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

«Рабочы рух» быў першым прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта здарылася рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў кастрычніку 2021 года. Цяпер ён дзейнічае ва ўмовах абсалютнага падполля. «Наша задача — аб'яднаць працоўных і каардынаваць дзеянні», — кажа яго ўдзельнік.

Nashaniva.com