«Знаёмы пісаў: ідзі прасі прабачэння, прыбяры свой гонар, а то сядзіш у амбасадзе». Кузнечыкі, якія ўцяклі з Беларусі, расказалі і паказалі, як жывуць цяпер
Амаль месяц Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі знаходзяцца ў Латвіі. Да таго, як збегчы з краіны з-пад носа ў сілавікоў, сын і бацька пражылі год і дзевяць месяцаў у амбасадзе Швецыі.
29.06.2022 / 09:03
Пагутарылі пра тое, як яны ўладкаваліся, што плануюць рабіць у новай краіне далей і як ледзьве не трапіліся пры спробе ўцёкаў.
«Прасядзелі на «каранціне» год і дзевяць месяцаў, так што не прызвычайвацца да яго і цяпер, з каранавірусам»
48-гадовы бацька і 30-гадовы сын жывуць у лагеры для бежанцаў. Ужо пяць дзён яны сядзяць у асобным корпусе на каранціне, у розных пакоях: захварэлі на каранавірус. Першапачаткова іх засялілі разам, у пакой на чатырох чалавек. Пакуль у лагеры было нешматлюдна, яны жылі там сям’ёй. Кухня, прыбіральня, душ — агульныя і на калідоры, як у інтэрнаце.
Уладзь смяецца, што яны да гэтага прасядзелі на «каранціне» год і дзевяць месяцаў, так што ім не прызвычайвацца і цяпер, з каранавірусам.
«Два дні тэмпературылі, пад вечар падымалася да 38-39 °C недзе. Зараз ужо тэмпературы няма, проста горла баліць крыху. Можна скажаць, у лёгкай форме ўсё і ў мяне, і ў бацькі пераносіцца. Пры гэтым я 3 чэрвеня зрабіў сабе прышчэпку. Тата не рабіў», — расказвае Уладзіслаў.
У пакоі для тых, хто на каранціне
Яшчэ два тыдні пасля перасячэння мяжы мужчыны не маглі расслабіцца і цалкам асэнсаваць, што яны на свабодзе.
«Цяпер ужо страх сышоў: мы разумеем, што ў іншай краіне, тут іншае стаўленне да людзей з боку спецслужбаў і людзей у пагонах, яно чалавечнае, — дзеліцца Уладзь. — Складана давалася вяртанне да зносін з людзьмі: мы ж год і дзевяць месяцаў былі выключна ўдвух, а тут адразу — столькі народу, сустрэча са Святланай Ціханоўскай, з дыяспарай кантакты, з іншымі бежанцамі, акцыі. Цяпер мы крыху адаптаваліся».
Адразу пасля перасячэння мяжы. Кузнечыкі не выключалі, што іх можа нехта пазнаць, таму бацька адпусціў бараду, а Уладзь хадзіў у масцы і кепцы. Фота: асабісты архіў.
«Аднаму хлопцу прыйшла павестка: і ён збег з Расіі: навошта яму гэтая вайна?»
Разам з Кузнечыкамі ў лагеры жыве каля 10 беларусаў. Некаторыя збеглі ў Латвію пасля прысуджанай «хіміі», іншыя адразу сыходзілі ад пераследу і магчымых рэпрэсій. Уладзь кажа, што суседзі баяцца расказваць шмат: не хочуць нідзе свяціцца, бо перажываюць за сваякоў, якія засталіся на радзіме.
«Гэта пра нас ужо ўсе ведаюць і так. Але, канечне, і ў нас ёсць страх за родных, — прызнаецца Уладзь. — Тут, дарэчы, і ўкраінцы жывуць, але нядоўга, яны рухаюцца далей адразу.
Ëсць у лагеры і расіяне, якія выступілі супраць вайны. Некалькі чалавек беглі з войска: калі даведаліся, што іх знаёмыя ў палоне апынуліся. Адзін хлопец збег наўпрост з часці. Яшчэ аднаму павестка прыйшла, і ён збег таксама з Расіі, вырашыў: навошта яму гэтая вайна?»
Від з акна лагера. У амбасадзе Кузнечыкі мінімум тры разы на тыдзень займаліся спортам. Часам проста бегалі па калідоры туды-назад, каб адагнаць дэпрэсіўныя думкі і не зрывацца адзін на аднаго. У лагеры таксама ёсць трэнажорная зала, футбольнае поле, тэнісны стол, але каранавірус пакуль не дае наладзіць рэжым.
«На выпадак пытанняў была падрыхтаваная легенда: едзем да цёткі ў памежную вёску — з агародам дапамагаць»
Уладзь у размове раз за разам вяртаецца да тэмы уцёкаў, бо дагэтуль не можа паверыць у поспех.
«Самым складаным было вырашыцца на сам крок — выйсці з амбасады. Але што было рабіць? У амбасадзе сказалі, што не ведаюць, на колькі зацягнецца наша сітуацыя. Калі б нам сказалі «гэта на тры гады», мы б іх адсядзелі і выйшлі. Але дакладнасці не было, таму прыйшлося ўсё ўзяць у свае рукі і выбірацца з краіны.
Мы разумелі, што шанцаў 50 на 50, а, можа, і менш. Мы былі гатовыя, што нас могуць схапіць спецслужбы, а што там будзе далей — невядома. Вырашылі рызыкнуць — 1 чэрвеня нас вывезлі з амбасады на пасольскай машыне нібыта на абследаванне ў суседні горад. Мы ўжо не так панікавалі. Проста дзейнічалі па прыблізным плане ў галаве. Як мы выязджалі з Мінска, я яшчэ пастанна паварочваўся — глядзеў, каб не было нейкага хваста, пасля ўжо супакоіўся.
Многія рашэнні, куды і як рухацца далей, прымаліся ў апошні момант. І так атрымлівалася, што яны былі слушнымі. Напрыклад, калі мы былі ўжо недалёка ад мяжы, то думалі ісці пешшу спачатку, бо разумелі, што машыну могуць спыніць. Але там кіламетраў 30-40, а яшчэ дождж прайшоў. Мы рызыкнулі з таксі і недарма: пост быў зачынены, дакументы не правяралі, а таксіст высадзіў нас за 10 кіламетраў ад латвійскай мяжы».
На выпадак пытанняў ад таксіста ў Кузнечыкаў была падрыхтаваная легенда: едзем да цёткі ў памежную вёску — з агародам дапамагаць. На ўсю дарогу з Мінска да мяжы ў сям’і сышло каля 80 рублёў. З сабой у іх быў толькі «чысты» тэлефон, якія выкарыстоўваўся як компас, сумкі са зменным адзеннем, ежа і вада на тры дні. Але ў выніку на ўцёкі сышло менш за суткі.
«Мы не думалі, што ўсё пройдзе так хутка і гладка. Нібыта з боскай дапамогай яно атрымалася», — каментуе Уладзь.
Самым страшным момантам пасля прыняцца самога рашэння бегчы Уладзь называе той, калі ў памежнай паласе беларускія памежнікі пачалі знянацку ездзіць на аўто ў тым месцы, дзе Кузнечыкі зусім нядаўна прайшлі.
«Там нейкі датчык спрацаваў ці што, мы іх бачылі здалёк — яны нешта шукалі. Мы схаваліся ў кустах, пайшлі далей праз зараснікі. Яны нас не заўважылі. Яшчэ дождж акурат прайшоў: слядоў нашых, відаць, не засталося. Але было вельмі страшна».
На мяжы Віталь і Уладзь пералазілі двухметровы плот з калючым дротам, папярэдне кінуўшы на яго свае курткі, каб не парэзацца.
«Я спрабаваў пасля зняць з яго сваю куртку, — расказвае Уладзь. — Але адарваў рукаў толькі. Пасля нам памежнікі курткі прывезлі і аддалі. Я пытаўся ў іх: «Навошта яны нам ужо парваныя?» А яны: «Так належыць, забірайце». Мы іх выкінулі адразу: яны ўсе былі брудныя, мокрыя. Дарэчы, з красоўкамі было тое ж самае, але я свае закінуў у пральную машыну і насіць буду».
Красоўкі, у якіх сям'я пераходзіла мяжу служаць ім і цяпер. Скрыншот: відэа «Радыё Свабода»
Памежнікі Латвіі, дарэчы, знайшлі мужчын у мясцовай вёсцы: пасля перасячэння мяжы Кузнечыкі яшчэ спакойна прайшлі кіламетраў 10. Спыніліся каля адной з лавак на шляху і паставілі на сонца сушыцца абутак, самі побач ляглі падрамаць. Ужо пасля быў запыт палітычнага сховішча, апытанне.
Тры еўра сутачных, 10 праязных і сухпаёк на месяц
Побач з лагерам для бежанцаў, дзе жывуць Кузнечыкі, расце лес, і Уладзь дзеліцца, што ніяк не можа насыціцца прыродай.
«Мы калі жылі ў Беларусі, часта і на рыбалку ездзілі, і ў паходы хадзілі з сям’ёй і сябрамі. Прыроды не хапала ў нашым «зняволенні». А тут з акна чутно, як птушкі спяваюць — я кайфую ад гэтага».
У астатнім жа сітуацыя ў беларусаў з няпростых. У мужчын ёсць дах над галавой на тыя пяць-шэсць месяцаў, пакуль яны будуць чакаць афіцыйны статус, і свабодны графік. Але працаваць і забяспечваць сябе яны пакуль не могуць. Усё, што маюць — тры еўра сутачных і невялікі сухпаёк, што складаецца са сланечнікавага масла, пачка рысу, макароны, некалькіх кансерваў на месяц.
Кухня ў лагеры
«Яшчэ нам выдаюць 10 праязных на месяц, каб можна было з’ездзіць у Рыгу па справах. Але, насамрэч, гэта вельмі мала — пяць паездак туды-назад. А калі набываць квіток, то ў адзін бок ён каштуе 1,15 еўра.
Фінансава вельмі цяжка: усе асноўныя запасы грошай мы ўжо выдаткавалі з 2020 года. Дзякуй беларусам Рыгі, яны дапамагаюць. Нядаўна знайшлі наш кантакт і перадалі фруктаў, цытрусавых, як мы захварэлі. Дамовіліся з імі, што, як выйдзем з каранціна, сустрэнемся, пазнаёмімся».
Кухня ў лагеры
«Прапусціў пяць планавых абследаванняў па маёй анкалогіі. У таты праблемы са зрокам і сэрцам»
Без статусу і страхоўкі Кузнечыкі не магуць прайсці медагляд. Дапамога прадугледжаная толькі ў выпадку вострага болю.
«Я ўжо прапусціў пяць планавых абследаванняў па маёй анкалогіі: у мяне ж яшчэ ў Беларусі пры выразанні апендыцыту выявілі злаякасную пухліну. І там трэба гэта месца назіраць кожныя паўгода. Плюс са зрокам праблемы: частковая атрафія зрокавага нерва — трэба лячыць, бо зусім можна аслепнуць (я і так ужо на адно вока амаль нічога не бачу).
У бацькі таксама праблемы са зрокам: ён пачаў імкліва падаць пасля таго, як яму вочы залілі пярцовым балончыкам з блізкай адлегласці на мірнай акцыі ў Віцебску. І яшчэ калі мы жылі ў амбасадзе, тата пачаў скардзіцца на сэрца. Можа, праз перажыванні дадаткова яно часта балела, стукала так, што ён спаць не мог».
Уладзь падчас хваробы
Да падзей 2020-га сям’я мела прыватны бізнэс: Уладзь гандляваў жаночымі рэчамі, бацька з маці — адзеннем для дзяцей і падлеткаў. Калі апынуліся «замураванымі» ў амбасадзе, бізнэс закрыўся. Жонка Уладзя ўладкавалася прадаўцом у краму, і на гэтыя грошы працягвае жыць з двума дзецьмі.
«Зберажэнні, што меліся, у нас за гэтыя два гады ў прынцыпе і разышліся. Мне, дарэчы, адзін знаёмы ўвесь час пісаў: «Ідзі, папрасі прабачэння, прыбяры свой гонар, у цябе ж сям’я, а ты сядзіш у амбасадзе». Але за што мы павінны прасіць прабачэння? Колькі б там не прыйшлося сядзець, я б на такое не пайшоў, таму што мне няма за што выбачацца.
Так, шкада, што я столькі не бачыў жонку і дзяцей… Але я веру, што ў нас атрымаецца ўсё з візамі і мы сустрэнемся. Я сам ужо пісаў па гэтым пытанні ў консульства Латвіі, але там сказалі чакаць майго статусу бежанца. Будзем спрабаваць іншыя, хутчэйшыя варыянты для віз, але тут у грошы зноў усё ўпіраецца».
Калідор у лагеры для бежанцаў
Уладзь не бачыў жонку і дзяцей з 11 верасня 2020 года, размаўляе з імі толькі па відэасувязі.
«Дзеці, канечне, вельмі сумуюць: сыну ўжо пяць год, дачцэ — восем. Калі яшчэ былі ў амбасадзе, яны кожны дзень пыталіся: «Тата, калі ты прыйдзеш?» Я ім казаў, што, як толькі Лукашэнка сыдзе.
У выніку вось мы ў Латвіі. Хочацца, каб усе да нас пасля пераехалі. На першы час бы зняць для ўсіх кватэру. А там мы неўзабаве і працаваць зможам. Ëсць думкі пра прыватны бізнэс таксама ці пра грузаперавозкі. Але паглядзім, што атрымаецца».
Нягледзячы на цяжкасці, Уладзь называе пражыты досвед карысным:
«Карысны ён быў, каб зразумець, хто ёсць хто ў маім атачэнні. На гарызонце з’явіліся людзі, ад якіх я зусім не чакаў падтрымкі. А былі тыя, хто не пазваніў ні разу. Вось адзін мой лепшы сябра са мной увогуле ні разу не пакамунікаваў. Баяўся, відаць, у яго ж дзяржаўная праца. Але пры жаданні спосаб звязацца можна было знайсці — праз знаёмых тых жа… Другі ж сябра (нас трое лепшых са школы было), наадварот, кожны дзень мне званіў, дапамагаў па доме маці. У любым выпадку цяпер галоўнае, што мы на свабодзе і можам рухацца наперад».