Палітвязня Арцёма Анішчука не выпусцілі на волю пасля заканчэння тэрміну — яго ўзялі пад варту па новай справе

Асуджаны да двух гадоў калоніі фігурант па справе «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца» Арцём Анішчук мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, але гэтага не адбылося. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Цяпер Анішчука абвінавачваюць у «абразе міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 году. Справа ўжо перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

30.06.2022 / 15:21

Арцёма Анішчука асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і этапавалі ў магілёўскую калонію №15, дзе ён зазнаў катаванні. Яго ў верасні перавялі з магілёўскай калоніі ў бабруйскую калонію № 2, дзе ён таксама падвяргаўся ціску. Там Арцём даведаўся, што супраць яго магілёўскімі следчымі праводзіцца праверка па факце «абразы міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце».

28 чэрвеня, за дзень да вызвалення, Арцёму ўручылі пастанову пракурора Магілёва, згодна з якой Анішчука узялі пад варту ўжо па новай крымінальнай справе. Пры гэтым на момант здзяйснення «злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса, якая не прадугледжвала меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Новая справа нібыта была заведзена 27 снежня 2021 году, і толькі 20 мая Арцём стаў падазраваным па ёй. 8 чэрвеня яго этапавалі ў следчую турму № 4 на 10 дзён для «правядзення следчых дзеянняў», дзе яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 369 КК. Справу завялі за паведамленне ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года, але пад варту яго вырашылі ўзяць цяпер — калі Арцём мусіў выйсці на волю. Вядома, што справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Жонку Арцёма Вольгу 28 снежня мінулага затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Перад гэтым ёй тэлефанаваў следчы з Магілёва і хацеў, каб яна дала паказанні супраць Арцёма: «Сказаў нібыта за абразу ў сеткі інтэрнэт». Па словах следчага, Вольга праходзіць сведкай па справе.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Анішчукоў правялі ператрус, але яны нават не пакінулі пастанову, дзе мусілі быць пазначаны падставы для ператрусу і артыкул Крымінальнага кодэкса. Арцём і адвакаты напісалі скаргі ў Генпракуратуру аб незаконным утрыманні пад вартай.

Палітвязень праз два тыдні мусіў выйсці на волю. Каб яго не выпускаць, завялі новую крымінальную справу

Nashaniva.com