Як размарозіць курыцу і не атруціцца?
Трэба гатаваць вячэру, а вы забылі размарозіць мяса? Нічога страшнага! Ёсць некалькі спосабаў хутка вырашыць гэтую задачу.
01.07.2022 / 18:27
Фота: pixabay.com
Калі мы замарожваем мяса, гэта дапамагае захаваць яго свежым на больш доўгі час. Але варта памятаць, што мяса, якое ўжо размарозілі, нельга замарожваць паўторна. Праз такі крок у мясе могуць размнажацца бактэрыі, што, у сваю чаргу, можа прывесці да атручвання, піша aniaradzi.pl.
Шмат хто, каб размарозіць мяса, проста пакідае яго на талерцы пры хатняй тэмпературы, але і так лепей не рабіць. Хатняя тэмпература таксама спрыяе таму, што ў мясе могуць размнажацца бактэрыі, што можа выклікаць праблемы са здароўем у таго, хто гэтае мяса з’есць.
Варта размарожваць курыцу як мага больш павольна, бо тады яе смак і іншыя характарыстыкі менш зменяцца. Вы можаце проста дастаць курыную тушку з лядоўні і перакласці яе ў халадзільнік, пры гэтым пакладзіце мяса на талерку ці ў міску так, каб вада ці сок з мяса не трапіў на іншыя прадукты ў халадзільніку. Калі такая вада трапіць у нейкі прадукт і чалавек яго з’есць, у яго могуць быць праблемы са страўнікам.
Часта мяса размарожваюць у вадзе. Пры гэтым важна не класці яго ў гарачую ваду, бо гэта можа выклікаць размнажэнне бактэрый і надаць мясу непрыемны пах. Таму, калі жадаеце хутка размарозіць мяса, напоўніце міску халоднай вадой, упакуйце мяса ў пакет, каб на яго не трапіла вада, і пакладзіце гэты пакет у міску. Ваду варта мяняць кожную гадзіну (але таксама можна проста паставіць пакет з мясам пад праточную ваду). Каб размарозіць такім чынам 0,5 кг мяса, вам спатрэбіцца каля 2 гадзін.
Таксама мяса можна размарозіць у духоўцы ці мікрахвалёўцы, але праверце, ці ёсць у вашай тэхніцы функцыя размарожвання. Калі яна ёсць, проста пакладзіце мяса ў посуд, прыдатны для мікрахвалёўцы ці для духоўцы, пастаўце яго туды і ўключыце адпаведны рэжым. Гэты спосаб зручны тым, што размарожванне мяса амаль не будзе патрабаваць вашай увагі.
Але пры гэтым варта не перабраць з падаграваннем мяса. Калі вы ўсё-такі перагрэлі яго, варта адразу ж прыгатаваць мяса пасля размарожвання, бо тады яно апынецца пад увагай бактэрый. Не менш важны і правільны выбар посуду, бо не кожны посуд вытрымлівае награванне.
Калі вы спяшаецеся, то можаце прыгатаваць сабе вячэру і з замарожаных прадуктаў. Так можна рабіць, напрыклад, з замарожанай гароднінай або з морапрадуктамі.
Птушка — не выключэнне, але варта памятаць, што на гатаванне ежы з замарожанага мяса вам можа спатрэбіцца ў некалькі разоў больш часу. Таму нашмат лепей спачатку размарозіць курыцу, а потым прыгатаваць яе, бо толькі так вы будзеце ўпэўненыя, што курыца не засталася сырой, а спажыванне такога прадукту таксама можа нашкодзіць здароўю.