«Трох маіх катоў аддалі назаўсёды». Наталля Хершэ збіраецца выкупіць аднаго з гадаванцаў
Былая палітзняволеная Наталля Хершэ збірае грошы на выкуп ката. Яна падзялілася гісторыяй, як, вярнуўшыся ў Швейцарыю, засталася без рэчаў і любімых «брытанцаў».
01.07.2022 / 15:28
Фота: gofundme.com
Вось допіс, які апублікавала жанчына на краўдфандынгавай платформе GoFundMe:
«Пасля 1,5 года палітычнага зняволення ў Беларусі, я вярнулася ў Швейцарыю 18 лютага 2022 года. За гэты час мяне выселілі з кватэры, а рэчы забралі. Толькі некалькі з іх засталіся ў маёй уласнасці.
Самае вялікая бяда для мяне — што маіх трох брытанскіх катоў аддалі назаўсёды. Я не магу з гэтым змірыцца.
Фота: gofundme.com
Лілі і Сімба — у жанчыны з Ёншвіля. Мой памерлы муж падарыў мне гэтых двух катоў у 2009 годзе. Яны жылі са мной доўгі час і дапамаглі мне прайсці праз некалькі жыццёвых крызісаў.
На жаль, жанчына абыякавая да маёй гісторыі і застаецца бескампраміснай. Яна купіла катоў у мінулым верасні за сто франкаў. Цяпер у яе чатыры каты. Яна не пакідае мне шанцаў, і ў мяне няма сілаў змагацца.
Мне ўдалося знайсці кампраміс з другім гаспадаром з Арбона. Яго галоўнае патрабаванне — атрымаць грошы на новага «брытанца».
З лютага 2021 года я жыву на пенсію ўдавы і зберажэнні, таксама ў мяне ёсць дачка, якой патрабуецца падтрымка, таму я не ведаю, якім будзе маё фінансавае становішча ў будучыні.
Таму я збіраю тут 1425 франкаў (каля 1490 даляраў. — НН), каб выкупіць свайго ката. Вельмі спадзяваюся на вашу дапамогу, каб як мага хутчэй узяць на рукі сваю Шанэль.
Па рашэнні суда я мушу ўнесці грошы да 18 жніўня».
Наталля Хершэ — беларуска са швейцарскім грамадзянствам. Яе асудзілі за сарваную з сілавіка балаклаву. 18 месяцаў жанчына правяла за кратамі.