Кропка незвароту. Як Украіна канчаткова змяніла стратэгію ў адносінах з Грузіяй
Стан адносін паміж Украінай і Грузіяй цяпер знаходзіцца на самым нізкім узроўні з моманту аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе. Рэзкае абвастрэнне адбылося з пачаткам поўнамаштабнай расійска-украінскай вайны — Кіеў адкрыта абурыўся адмовай Тбілісі ўвесці санкцыі, а пазней стаў вінаваціць партнёра ў спробе дапамагчы РФ абысці санкцыі Захаду, піша «Еўрапейская праўда».
01.07.2022 / 15:32
Праеўрапейская акцыя ў Тбілісі. Фота: АР
Афіцыйны Тбілісі, у сваю чаргу, убачыў ва ўкраінскай уладзе аднаго з вінаватых у тым, што ім так і не далі статус кандыдата ў ЕС.
Улады Грузіі звязваюць гэтую адмову не з праблемамі ў дэмакратыі і адкатам рэформаў (гэтых праблем там не прызнаюць), а з антыгрузінскім лабіраваннем, у тым ліку з боку найвышэйшых украінскіх палітыкаў.
Спробы пазбегнуць далейшага крызісу адносін былі адзінкавымі (напрыклад, візіт парламенцкай дэлегацыі Грузіі ў Кіеў) і не змаглі паўплываць на сітуацыю.
Але канчатковая «кропка незвароту» была пройдзеная ўвечары 24 чэрвеня.
У гэты дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу «Дадому, у Еўропу» ў цэнтры Тбілісі.
Гэта была не толькі акцыя ў падтрымку руху ў ЕС, але і антыўрадавая акцыя.
Дакладней, для ўдзельнікаў мітынгу праеўрапейская пазіцыя і апазіцыйнасць уладзе сталі сінонімамі.
Ключавым патрабаваннем удзельнікаў мітынгу была адстаўка ўрада і стварэнне «ўрада народнага даверу», які павінен правесці ўсе рэформы, неабходныя для атрымання Грузіяй статусу кандыдата ў ЕС да канца года.
Тым больш важным становіцца рашэнне Уладзіміра Зяленскага звярнуцца да ўдзельнікаў гэтага мітынгу.
Іншымі словамі, прэзідэнт Украіны дэ-факта падтрымаў змену ўлады ў Грузіі.
Вядома, у выступе Уладзіміра Зяленскага не было ніводнага слова пра змену ўлады.
«Мы ніколі не здадзімся, таму што Данбас і Крым — гэта наша зямля, як Абхазія і Паўднёвая Асеція — гэта ваша зямля. І нават калі нехта захоча пра гэта забыцца, калі нехта захоча гэта сцерці, мы абавязкова нагадаем. Мы будзем побач. Учора Украіна стала кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз. Вы на гэтым шляху. Дзейнічайце! Мы вам дапаможам!» — сказаў прэзідэнт Украіны.
Тое, што прэзідэнт не мог сабе дазволіць сказаць, агучыў кіраўнік яго парламенцкай фракцыі Давід Арахамія.
Дарэчы, сам па сабе яго выступ быў выклікам для грузінскіх уладаў. Бо напярэдадні прэмʼер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі назваў Арахамію ключавым лабістам ненадання Тбілісі статусу кандыдата.
«Адным з галоўных ініцыятараў, якія з боку Еўропы і ЗША — я ведаю гэта ад нашых еўрапейскіх і амерыканскіх калег — настойліва патрабавалі, каб Грузія не атрымала статус кандыдата, разам з вамі, шаноўныя апаненты, быў прадстаўнік урада Украіны, спадар Арахамія», — сказаў у парламенце, прэмʼер-міністр Гарыбашвілі.
У адрозненне ад Зяленскага, Давід Арахамія наўпрост назваў таго, хто, на яго думку, зʼяўляецца галоўным вінаватым цяперашняга правалу грузінскай заяўкі.
«Я памятаю, як мы перажывалі гора адзін аднаго і марылі калі-небудзь вярнуцца ў нашу еўрапейскую сямʼю. І, напэўна, так і было б, калі б адзін алігарх не ўзяў у закладнікі ўсю краіну», — сказаў ён.
Ні для каго ў Грузіі не сакрэт, хто гэты алігарх. Гаворка ідзе пра заснавальніка партыі «Грузінская мара», былога прэмʼер-міністра і ценявога кіраўніка краіны Бідзіна Іванішвілі.
Для «Грузінскай мары» любыя абвінавачванні на адрас Іванішвілі надзвычай балючыя.
Дайшло да таго, што пасля рэзалюцыі камітэта Еўрапарламента па свабодзе слова з рэкамендацыямі ўвесці санкцыі супраць Іванішвілі кіруючая партыя заявіла, што ў такіх умовах еўраінтэграцыя Грузіі больш не спатрэбіцца.
Іншымі словамі, украінскія ўлады свядома пайшлі на абвастрэнне адносін з Тбілісі.
А на наступны дзень адбыўся «кантрольны стрэл» — Зяленскі звольніў амбасадара ў Грузіі. У цяперашнім стане адносін прызначэнне новага наўрад ці адбудзецца ў найбліжэйшы час.
Чаго дамаглася Украіна такім дэмаршам?
Па сутнасці, Кіеў паставіў кропку на магчымасці паўнавартаснага супрацоўніцтва з цяперашнімі ўладамі Грузіі. Аднак пры гэтым ён даў сігнал праеўрапейскай апазіцыі, што Кіеў цалкам падтрымлівае шлях Грузіі ў ЕС, гатовы дапамагчы, але не бачыць жадання цяперашняй улады пайсці гэтым шляхам.
Гэта не значыць, што нельга далей пагаршаць адносіны паміж Украінай і Грузіяй. Напрыклад, гэта можа адбыцца ў выніку ўвядзення санкцый супраць Іванішвілі (выглядае, што Кіеў да гэтага імкнецца).
Аднак увечары 24 чэрвеня адносіны канчаткова перайшлі кропку незвароту.
Цяперашнія ўкраінскія ўлады паказалі, што больш не бачаць магчымасцяў супрацоўніцтва з грузінскімі, а таму будуць апеляваць толькі непасрэдна да грузінскага грамадства (ці хаця б да яго актыўнай праеўрапейскай часткі).
Якія гэта будзе мець наступствы, казаць пакуль рана.