Лукашэнка: Наш удзел у гэтай спецаперацыі мною вызначаны даўно

Беларусь падтрымлівала і будзе падтрымліваць Расію. Пра гэта Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўскладання вянкоў на мемарыяльным комплексе «Курган Славы».

03.07.2022 / 10:40

«Нас сёння папракаюць, што мы адзіная краіна ў свеце, якая падтрымлівае Расію ў яе барацьбе супраць нацызму. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расію», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Барацьбой супраць нацызму» Лукашэнка называе тут спробу Расіі захапіць суверэнную Украіну.

«І што яны не ведалі, што ў нас створаная ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка ўзброеных сіл, фактычна адзінае войска. Вы ж гэта ведалі. Дык чаму нас сёння папракаеце? Мы былі і будзем з брацкай Расіяй.

Наш удзел у гэтай спецаперацыі (вайне, — НН) мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай аперацыі. Калі я сказаў, успомніце: «Мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку».

І мы занялі абарону ад Брэсцкай крэпасці па паўднёвай мяжы, каб не дапусціць гэтага ўдару ў спіну з боку натаўскіх войскаў. Яны гэтага нам дараваць не могуць», — заявіў Лукашэнка.

Nashaniva.com