Юрый Чыж за кратамі ўжо больш за год. І паспеў пабываць у «Навінках»
З 15 сакавіка мінулага года сядзіць у СІЗА бізнэсмен Юрый Чыж. За гэты час ён яўна стаў бяднейшым, пабываў у «Навінках» і падаў заяву на камісію па памілаванні, якая яму не адказала.
04.07.2022 / 19:25
Юрый Чыж. Архіўнае фота
Чыжа затрымалі па вяртанні з Масквы. Да таго ён паспеў перапісаць дом у Драздах на нявестку і тануў у судах, дзе былыя партнёры і контрагенты патрабавалі ад яго выплат па даўгах.
«Да затрымання ён насамрэч быў у кепскім псіхалагічным стане і нават перастаў размаўляць з сынам, падазраючы яго ў здрадзе», — сказаў «Нашай Ніве» сябар Чыжа.
Сэнс крымінальнай справы перагукаўся з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Чытайце таксама: Затрыманы Юрый Чыж. Падрабязнасці
Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і пагадзіўся кампенсоўваць шкоду гады наперад. Але Чыж па абавязацельствах не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнэсы прыносілі грошы.
У бізнэс-колах папулярная думка, што насамрэч Чыжа кашмараць па прычыне нібыта схаванага недзе за мяжой мільярда даляраў, які трэба вярнуць у Беларусь.
Чытайце таксама: Крыніцы: Чыжа кашмараць, бо лічаць, што ён схаваў мільярды, якія трэба вярнуць у Беларусь
У любым разе, за год за кратамі Чыж прыкладаў намаганні для таго, каб скінуць з сябе фармальныя прэтэнзіі.
У прыватнасці, ён «закрыў» старую гісторыю з Япрынцавым і Чукісавым, якім павінен быў грошай. Але гэтага па невядомых прычынах не хапіла для выхаду.
Чытайце таксама: Канец гісторыі пра судовых выканаўцаў і Чыжа: былы алігарх прызнаў доўг, а разлік правялі па хітрай схеме
«Камісія па памілаванні, куды ён напісаў ліст пасля пагашэння доўгу перад Чукісавым-Япрынцавым, яшчэ не адказала. Сядзіць», — кажа нам абазнаная крыніца.
За час знаходжання ў ізалятары Чыж паспеў цяжка перахварэць кавідам, а таксама, як сцвярджаецца, пабываць у псіханеўралагічным аддзяленні ў «Навінках». Чаму яго туды адпраўлялі — пакуль невядома.
Калі будзе прынята рашэнне камісіі аб памілаванні, невядома.