Беларускія медыкі змогуць выкарыстоўваць спрошчаную працэдуру працаўладкавання ў Польшчы

Пра гэта міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі дамовіўся са Святланай Ціханоўскай падчас сустрэчы ў Варшаве, у якой таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Фонду медыцынскай салідарнасці.

06.07.2022 / 11:55

Святлана Ціханоўская і Адам Нядзельскі

Пра дэталі сустрэчы паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай.

Справа ў тым, што дактары ў любой краіне павінны праходзіць складаную працэдуру настрыфікацыі дыпломаў, пацвярджэнне адукацыі, кваліфікацыі і вопыту. Гэты працэс для беларускіх дактароў таксама ўскладняецца адсутнасцю магчымасці атрымання шэрагу дакументаў з беларускіх органаў (Мінздароўя, МЗС) або ўстаноў (універсітэты).

Міністр праінфармаваў Ціханоўскую, што 795 медыкаў з Беларусі ўжо атрымалі дазволы на працу ў Польшчы.

Міністр Нядзельскі і Ціханоўская дамовіліся, што ўжо ў наступныя тыдні Міністэрства прадставіць спрошчаную схему атрымання дазволу на практыку для беларускіх дактароў. Офіс Святланы Ціханоўскай апублікуе інфармацыю аб працэдуры, паведамляе яго прадстаўніца Ганна Красуліна.

Міністэрства аховы здароўя Польшчы разгледзіць магчымасць спрасціць патрабаванні да дакументаў. Уся інфармацыя пра гэта будзе публікавацца Фондам медыцынскай салідарнасці

Міністр запэўніў Ціханоўскую, што Міністэрства зацікаўленае ў стварэнні добрых умоў для працы беларускіх дактароў. 

Nashaniva.com