Палітзняволеную пенсіянерку Алену Гнаўк ужо два тыдні ўтрымліваюць у карцары

65-гадовую брэсцкую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Яна павінна была выйсці адтуль 1 ліпеня, але яе не выпусцілі. Агулам жанчына знаходзіцца ў карцары ўжо два тыдні, паведамляе «Вясна».

06.07.2022 / 17:09

Прычына пакарання — адмова Гнаўк выконваць нейкае правіла СІЗА. Але яна не губляе бадзёрасці духа і нават пачала пісаць кнігу «Рэпартаж з карцара».

17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і далі штраф у 3200 рублёў.

Алену Гнаўк прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія пасты ў Фэйсбуку і Інстаграме пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

З 2020 года пенсіянерку мэтанакіравана праследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена Гнаўк утрымліваецца ўжо амаль паўгода. 

Nashaniva.com