Што адбываецца ў беларускім кінематографе? Сабралі цікавыя стужкі, якія можна паглядзець у кінатэатрах ці дома

Тэмы веры, кахання, алкагалізму, прагі помсты, палітыкі — сабралі ў адным месцы вартыя ўвагі стужкі, якія здымаліся беларускімі творцамі, апошнім часам.

08.07.2022 / 11:15

У цэнтры ўвагі — святары

Кінематаграфісты Максім Максімаў і Андрэй Ліпаў ужо некалькі год здымаюць поўнаметражныя стужкі ў Беларусі. Нягледзячы на ўсе складанасці, гэта іх прынцыповая пазіцыя: здымаць на радзіме і задзейнічаць у працэсе беларускіх акцёраў.

У творчай біяграфіі маецца сумесны з рэжысёрам Мітрыем Сямёнавым-Алейнікавым фільм «Забароненая зона» пра кампанію маладых людзей, якія апынуліся непадалёк ад Чарнобыля і трапілі ў жорсткую заварушку (фільм на сёння даступны ў сеціве).

Апошняя завершаная праца «Пустая царква» распавядае пра маладога святара, які прыязджае ў правінцыйнае мястэчка і пачынае мяняць жыццё яго насельнікаў (не без складанасцяў, вядома).

Стужка цікавая хаця б зорным наборам акцёраў. Святара грае Максім Брагінец з РТБД. Таксама ў фільме задзейнічаныя Антон Жукаў, Марыя Паддубная, народная артыстка Беларусі, якая працягвае граць у Купалаўскім тэатры, Зінаіда Зубкова. Засвяціўся тут і Аляксандр Ждановіч, вядомы шырокай аўдыторыі яшчэ як Маляваныч.

«Нашай Ніве» распавялі, што ўмовы пракату яшчэ абмяркоўваюцца, каманда анансуе навіны ў сваіх сацсетках.

А вось даступныя для прагляду знятыя Андрэем Лескіным «Лекі для Веры», таксама калярэлігійнай тэматыкі. Гэты фільм кінакрытыкі называюць праваслаўнай драмай. У цэнтры гісторыі тут зноў — святар і выклікі, якія кідае яму жыццё. У жонкі Міхаіла знаходзяць анкалогію, і для таго, каб вылечыць каханую, мужчына, акрамя службаў, пачынае працаваць як дальнабойшчык. Праўда, жонка, на жаль, усё адно памірае.

У галоўных ролях зняліся вядомыя расійскія і беларускія акцёры — Павел Харланчук-Южакоў, Макар Запарожскі, Валерыя Млынар.

Раскрываючы тэму алкагольнай залежнасці

На наступную стужку ўжо можна наўпрост зараз схадзіць у VOKA CINEMA by Silver Screen у «Dana Mall» — беларускі фільм «Абноўка» рэжысёркі Ірыны Брэль у пракаце да 13 ліпеня.

У цэнтры ўвагі — гісторыя кахання сына да маці. Галоўная гераіня Люда спрабуе даць рады алкагольнай залежнасці і вярнуцца да нармальнага жыцця, знайсці працу, завязаць з мінулым і быць разам з сынам. Нечаканы паварот дае тое, што яе сын аказваецца замкнёным адзін у кватэры на два тыдні.

Фільм, дарэчы, грунтуецца на рэальных падзеях, што адбыліся ў адным з беларускіх гарадоў больш за 12 гадоў таму, што толькі дадае цікаўнасці.

І, канечне, не без пазнавальных акцёраў: напрыклад, Крысціны Дробыш, Паліны Кацяшовай, Генадзя Траццякова, Андрэя Дабравольскага і іншых. 

Забойства маці і прага помсты

У сеціве можна знайсці адзін з апошніх фільмаў беларускай рэжысёркі Аляксандры Бутар — «Мішэнь» (яна, напрыклад, раней працавала над працягам культавай стужкі «Белыя росы»). Праўда, мяркуецца, што гэта — пірацкія копіі, якія маглі трапіць у інтэрнэт пасля фестывальнага прагляду на «Акно ў Еўропу»

Адно толькі апісанне сюжэта тут інтрыгуе: «Дзяўчынка ў маленстве стала сведкай забойства маці. Пры гэтым на месцы злачынства са зброяй у руках яна заспела ўласнага бацьку. Замест тлумачэнняў і апраўданняў бацька ў той жа дзень «пазбавіўся» ад яе — здаў у дзіцячы дом. Трынаццаць гадоў яна выношвала план помсты. А калі выйшла на волю, адправілася на пошукі бацькі са зброяй у руках». 

Каханне паміж дачкой аўтарытэта і сынам пракуроркі

Яшчэ адзін поўнаметражны фільм беларускай вытворчасці, якія пасля пракату ў кінатэатрах можна адшукаць у інтэрнэце — гэта «Вітаем у сям’і» Уладзіміра Зінкевіча (аўтара нашумелага «Спайс Бойз»). 

Камедыйная драма распавядае гісторыю Леаніда Іванавіча — мясцовага крымінальнага аўтарытэта, у дачку якога нечакана закахаўся сын пракурора. Чым усё гэта скончыцца, можаце даведацца самі, без спойлераў.

Рэфлексіі з нагоды беларускіх пратэстаў

Пра стужкі, прысвечаныя пратэстам-2020 года, мы ўжо пісалі раней. Але будзе нялішнім нагадаць, што ў гэтым рэчышчы на дадзены момант маецца.

Па-першае, стужка Аляксея Палуяна «Кураж», дзе падзеі выбараў 2020-га года цесна пераплятаюцца з лёсам акцёраў Свабоднага тэатра.

Па-другое, сюррэалістычнае выказванне на тэму жніўня ад рэжысёркі Сашы Кулак пад назвай «Мара». Па-трэцяе, стужка «Калі кветкі не маўчаць» аўтарства Андрэя Куцілы, якая пачалася з вельмі прыватнай гісторыі — на Акрэсціна апынулася сястра Андрэя. 

Ну і, безумоўна, зняты адным кадрам паўтарагадзінны гульнявы рэпартаж MINSK Барыса Гуца, які пачаў у траўні свой пракат за мяжой з Эстоніі, дзе і здымаўся.

А што «Беларусьфільм?»

А што з «Беларусьфільмам», можаце спытаць вы. Ну, напрыклад, зноў кіно пра вайну. 8-серыйны серыял, драма «Полымя пад пеплам» Івана Паўлава здымаўся сумесна з Міністэрствам абароны і быў прэзентаваны роўненька ў «год гістарычнай памяці». Стужка паказвае тую працу па гуманітарным размінаванні тэрыторыі краіны, якая пачалася з афіцыйным сканчэннем Другой сусветнай вайны.

 Чытайце таксама:

«Гэты дзень вы запомніце, бо ледзьве не злавілі Капітана Джэка Вераб'я!» Джоні Дэп вяртаецца ў франшызу пра піратаў?

Індыйскае кіно, расійскія агіткі, але ёсць і рэдкія залацінкі. Якая сітуацыя цяпер у кінатэатрах 

Nashaniva.com