Як працуюць снарады SMArt, якія даюць Украіне вялікую перавагу ВІДЭА
Украінскі бок кажа, што перадача гэтых боепрыпасаў — вялікі крок наперад. Разабраліся, як яны працуюць і чым адметныя.
07.07.2022 / 20:44
Гэтыя снарады — новае пакаленне боепрыпасаў для ствольнай артылерыі, а ў арміі Германіі гэтыя боепрыпасы з'явіліся толькі ў 2000 годзе. Генеральны штаб УСУ прадэманстраваў знішчэнне такім боепрыпасам зенітнага ракетна-гарматнага комплексу «Панцыр-С1».
Прымяненне снарада супраць «Панцыра». Відэа: Узброеныя сілы Украіны
Як працуюць снарады з саманавядзеннем SMArt
Кожны снарад SMArt 155 (Suchzünder-Munition für die Artillerie, суббоепрыпасы для артылерыі) складаецца з двух суббоепрыпасаў.
Схема снарада. Там паказаныя (злева направа): апорная пласціна, прывадная група, задні снарад, пярэдні снарад, выкідны купал, танкасценны корпус абалонкі, трубка з зарадам для выкіду, часавы ўзрывальнік.
Спачатку 155-міліметровая гармата выстрэльвае снарад (1). Снарад ляціць па балістычнай дузе з далёкасцю 27,5 кіламетраў (2). У сярэдзіне палёту таймерны ўзрывальнік падпальвае невялікі выкідны купал у насавой частцы, якая выцягвае два суббоепрыпасы з корпуса снарада (3).
Схема працы SMArt. Пункты паказаныя ў тэксце дужкамі. Фота: wikipedia.org
Корпус і насавая частка адпадаюць (4). Кожны з суббоепрыпасаў абсталяваны галоўкай саманавядзення і на парашуце павольна спускаецца ўніз.
Пры зніжэнні суббоепрыпас круціцца, скануючы тэрыторыю з дапамогай шматчастотных інфрачырвоных і радыёлакацыйных датчыкаў, якія параўноўваюць выяўленыя транспартныя сродкі з праграмаванай цэлевай базай звестак (5). Спалучэнне сэнсараў дазваляе выкарыстоўваць снарад пры любых умовах надвор'я і ў любы час сутак, а таксама ігнараваць меры маскіроўкі цэляў.
Як толькі цэль захопленая — суббоепрыпас выбухае ў паветры, выстрэльваючы так званае «ўдарнае ядро» (6). Гэта разагнаны на хуткасць больш за 18 тысячаў кіламетраў у гадзіну элемент, які можа прабіць больш за сто міліметраў брані на адлегласці ў некалькі сотняў метраў.
Схема работы зараду. Фота: wikimedia.org
Боегалоўка SMArt забяспечвае дастатковую пранікальную здольнасць для надзейнага паражэння любых баявых сярэдне— і цяжкабраніраваных машынаў на полі бою.
Адметнасць яшчэ і ў тым, што трэба ведаць толькі каардынаты базавання цэлі. То-бок задача наводчыкаў — увесці патрэбныя каардынаты, а астатнюю працу бярэ на сябе сістэма навядзення снарадаў.
Колькасць ужо зробленых такіх снарадаў — больш за 12 тысячаў, што дазволіць Захаду, як і ў выпадку з HIMARS і NASAMS, забяспечваць імі Украіну рэгулярна.
Дэманстрацыя працы снарадаў SMArt. Відэа: YouTube
Максімальная далёкасць стральбы SMArt складае каля 30 км і гэта на 10-15 км менш за далёкасць стральбы звычайнымі і рэактыўнымі снарадамі.
Расія цяпер не мае аналагаў, якія б паражалі цэлі з такой жа надзейнасцю і дакладнасцю. Найбліжэйшы прыняты на ўзбраенне аналаг — снарады «Краснаполь».
Але яны патрабуюць пастаяннай падсветкі цэляў лазерам, а гэта фактычна крок назад, бо для іх патрабуецца асобны наводчык, які будзе падсвечваць цэлі. Таксама ім цяжка атакаваць цэлі, якія рухаюцца, і яны моцна залежаць ад надвор'я.