Пуцін: Мы пакуль яшчэ сур'ёзна нічога не пачыналі

Уладзімір Пуцін 7 ліпеня падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Дзярждумы РФ і кіраўнікамі фракцый заявіў, што Расія ва Украіне «сур'ёзна яшчэ нічога не пачынала». Ад гэтай сустрэчы, як і ад іншых падобных сустрэч Пуціна, чакалі магчымых праграмных заяў, чагосьці новага, але ўсё ў выніку звялося да раблення добрай міны пры не вельмі добрай гульні і чарговага агучвання ўжо шмат разоў сказаных перад гэтым прапагандысцкіх тэзісаў.

07.07.2022 / 22:44

«Сёння мы чуем, што нас хочуць перамагчы на полі бою. Што тут скажаш, хай паспрабуюць. Мы ўжо шмат разоў чулі, што Захад хоча ваяваць з намі да апошняга ўкраінца. Гэта трагедыя для ўкраінскага народа, але, падобна, усё да гэтага ідзе. …

Усе павінны ведаць, што мы па вялікім рахунку сур'ёзна пакуль яшчэ нічога не пачыналі. Пры гэтым мы не адмаўляемся і ад мірных перамоваў. Але тыя, хто адмаўляюцца, павінны ведаць, што чым далей, тым складаней ім будзе з намі дамаўляцца», — сказаў расійскі прэзідэнт.

Адказнасць за развязванне ўзброенага супрацьстаяння Пуцін ужо звыкла ўсклаў на лідараў заходніх краін. Па ягоных словах, менавіта яны пачалі гэты канфлікт, падтрымаўшы «дзяржпераварот ва Украіне ў 2014 годзе».

Пры гэтым Пуцін не выключыў, што падтрымка Украіны заходнімі палітыкамі была толькі нагодай. А на самай жа справе, маўляў, мэта была іншай: развязаць канфлікт менавіта з Масквой, каб «перайсці да новага этапу барацьбы з Расіяй», — і гэта ўдалося.

Ён таксама заявіў, што «Захад ужо прайграў гэтую бітву, паколькі пачатак спецаперацыі ва Украіне стаў пачаткам разгрому светапарадку, заснаванага на правілах ЗША, і пераходу да шматпалярнага свету».

Nashaniva.com