Трагедыя ў сям'і птушак… У вёсцы пад Слуцкам ратуюць буслянят, якія выпалі з разбуранага гнязда ФОТА

Раніцай у пятніцу, 8 ліпеня, у рэдакцыю «Інфа-Кур’ер» патэлефанаваў чытач і паведаміў, што ўбачыў у вёсцы Гарадзішча пад Слуцкам двух буслоў, што выпалі з гнязда. Птушкі ўжо падгадаваліся і хутка мусяць стаць на крыло.

09.07.2022 / 11:05

Ён растлумачыў, што іх гняздо разбурылася і яны зваліліся з вышыні. Адно з птушанят было траўмаванае — у яго зламаная лапка. У іншага заўважных пашкоджанняў не было, але ён відавочна пакутаваў ад наступстваў падзення з вышыні. Мужчына таксама баяўся, што параненых птушанят могуць загрызці сабакі.

«Вы ж усё ведаеце, падкажыце, як ім дапамагчы», — сказаў чытач выдання, ды атрымаў неабходную інфармацыю.

Да моманту, пакуль у вёску прыехаў карэспандэнт «Курʼера», апекавацца птушкамі ўзяўся Павел.

Ён змясціў птушанят у двор дома, побач з якім знаходзіцца гняздо, каб яны былі ў бяспецы. Павел растлумачыў, што, мабыць, гняздо размыла дажджом. З яго вываліліся тры птушаняты. Адно з іх разбілася і загінула адразу, у другога адкрыты пералом лапы, трэцяе таксама пашкодзіла лапу — кульгае, але ходзіць само.

Павел атрымаў параду ад Тамары Каляды, дырэктара Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў, купіў у краме кільку, каб пакарміць самага слабога бусла. І перыядычна ён прыходзіць напаіць жывёлу.

Другому, як расказаў Павел, бацькі птушанят, мабыць, прыносяць ежу самі.

Буслу, у якога адкрыты пералом, апрацавалі рану і наклалі павязку.

Павел працягвае даглядаць птушак, як можа. Калі вы гатовыя дапамагчы, можаце прыехаць у вёску Гарадзішча на вуліцу Зялёную, дзе знаходзіцца гняздо.

Адно птушаня можа перасоўвацца самастойна

Іншая птушка не можа перасоўвацца. Павел поіць птушаня вадой

Лапу бусла падвязалі. Пералом адкрыты і лапу ўжо не выратаваць

У двары дома

Бацькі перыядычна гучна клякочуць, каб прыцягнуць увагу сваіх птушанят

Nashaniva.com