«Выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі РБ». Папраўкі ў закон хутка абмяжуюць выезд з краіны
Будзе зменены закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». Адпаведны законапраект быў унесены ў парламент 23 чэрвеня ўрадам. У спіс дакументаў, на падставе якіх дазволены выезд або ўезд у Беларусь, нарэшце афіцыйна ўнясуць біяметрычны пашпарт. Але гэта не галоўныя змены праекта закона, паведамляе «Зеркало».
11.07.2022 / 08:25
Забарона для «палітычных адміністратыўшчыкаў» і з дазволу КДБ
Падставы для забароны на выезд папоўніліся некалькімі новымі пунктамі, але важныя два з іх.
КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі для тых, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Абмежаванне можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца.
Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання — у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».
Раней абвінавачаных з Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд забаронены і тым, у дачыненні да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль яшчэ не прынятае.
У «правапарушэнні супраць парадку кіравання» ўваходзяць так добра знаёмыя беларусам «палітычныя» артыкулы КаАП: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.
Сілавікам (і нават ратавальнікам) — толькі з дазволу кіраўніцтва, біяметрычныя пашпарты — здаць.
Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненні з кіраўніцтвам. Гэтае сакрэтнае правіла некалькі гадоў дзейнічала і раней: вайскоўцам, супрацоўнікам міліцыі або Следчага камітэта настойліва рэкамендавалася выбіраць для адпачынку толькі «дружалюбныя» краіны — напрыклад, Турцыю, Егіпет, Расію.
У законапраекце гэтая норма — выезд па ўзгадненні з кіраўніцтвам — узаконеная і не толькі для супрацоўнікаў у пагонах.
Яна будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб грамадзянскага персаналу воінскіх фармаванняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:
Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;
органаў пагранічнай службы;
унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
органаў дзяржаўнай бяспекі;
транспартных войскаў;
Службы бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
Следчага камітэта;
Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз;
органаў унутраных спраў;
органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;
органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.
Кіраўніцтва мае права ім адмовіць у выездзе з краіны «ў мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».
Акрамя таго, у выпадку наяўнасці ў гэтай катэгорыі асоб біяметрычнага пашпарта, на час службы яны абавязаныя перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.
Што ж тычыцца дзяржслужачых, то парадак іх выезду з Беларусі будзе вызначаць урад.
Забароны маюць быць уведзеныя ўвосень
Законапраект паступіў у парламент. Яго павінны будуць разгледзець на восеньскай сесіі, якая стартуе ў верасні.
Парадак прыняцця законапраектаў у нас такі — у двух чытаннях яго павінна прыняць Палата прадстаўнікоў, затым адобрыць Савет Рэспублікі — як паказвае практыка, гэта можна зрабіць за адзін дзень. Затым яго падпісвае Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго ён атрымлівае статус закона і яго афіцыйна публікуюць на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пасля гэтага забарона на выезд супрацоўнікаў сілавых ведамстваў без дазволу ўступае ў сілу праз два месяцы, астатнія змены — адразу ж пасля апублікавання.