Валерый і Вераніка Цапкалы сабралі Форум дэмсіл у Берліне
У Форуме, які праходзіць 11-12 ліпеня, акрамя беларускіх палітычных дзеячаў, такіх як Валерый і Вераніка Цапкалы, Вольга Карач, Яраслаў Раманчук, Ігар Макар, выступяць і расійскія эканамісты Вячаслаў Іназемцаў і Сяргей Гурыеў і палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, паведамляе «Радыё Свабода».
11.07.2022 / 13:42
Арганізатары II Форуму дэмакратычных сіл Беларусі адзначылі, што свой удзел у мерапрыемстве пацвердзілі 120 чалавек.
Запрошаныя палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, навукі, бізнэсу, экспертнай супольнасці, дыяспары, незалежна ад грамадзянства, палітычных поглядаў, рэлігійных перакананняў, сацыяльнага статусу. Таксама запрашэнні накіравалі нямецкім і еўрапейскім палітыкам, прадстаўнікам нямецкіх бізнэс-асацыяцый і кампаній.
Паводле раскладу форуму, у праграме прадугледжаныя адкрытыя дыскусіі па пытаннях палітычных зняволеных, санкцый, падтрымцы медыя і грамадзянскай супольнасці.
Будуць таксама прадстаўленыя прапановы працоўных груп першага Форуму дэмакратычных сіл, які прайшоў у Варшаве 16-17 траўня.
Назіраць за працай форуму можна анлайн.