Паварот лёсу каліноўца Сяргея Дзёгцева: зберагаў памяць пра ваеннапалонных, а цяпер сам такім стаў
Палонны каліновец, 34-гадовы Сяргей Дзёгцеў дапамагаў праекту «Зберажом Масюкоўшчыну». Гэта праект па захаванні памяці пра вялікі лагер ваеннапалонных Шталаг 352 часоў Другой сусветнай вайны, які знаходзіўся на месцы мікрараёна.
12.07.2022 / 09:03
Фота: архіў сяброў Сяргея
«Калі адбыліся падзеі 2020 года, ён таксама не застаўся ўбаку. За што і быў некалькі разоў затрыманы, а апошні раз — моцна збіты, і пасля таго, як ён адбыў свае суткі, супрацоўнікі ГУБАЗіКа кудысьці вазілі яго і толькі пасля адпусцілі. Пасля вызвалення ён быў змушаны з'ехаць за мяжу праз пагрозу завядзення крымінальнай справы», — кажуць прыяцелі Дзёгцева.
Фота: архіў сяброў Сяргея
«Ён сціплы і не любіць распаўсюджвацца пра свае дасягненні. Увогуле Сяргея ведаем як добрага сябра, які заўсёды прыходзіць на дапамогу: справай, а не словам, чалавек, які маленькімі паслядоўнымі крокамі ідзе да сваёй мэты.
У Кіеве Сяргей працягваў займацца тэмай ваеннапалонных. Да прыкладу, ён адведаў аналагічны масюкоўшчынскаму Шталагу Дарніцкі лагер для ваеннапалонных і зрабіў выяву, у якой параўнаў стаўленне да такіх месцаў у Кіеве і Мінску», — дзеляцца сябры.
Выявы, якія Сяргей рабіў у Кіеве і Мінску
«Сяргей займаўся тэмай ваеннапалонных і сам стаў ваеннапалонным, — кажа адзін з сяброў Сяргея. — Магчыма, жыццё вядзе Сярогу такім шляхам».