Што паглядзець. «Мядзведзь» — найсмачнейшы серыял лета

Мала якія рэчы могуць так аб’ядноўваць людзей, як смачная і прыгожая ежа, а калі дадаць да яе яшчэ і добрую гісторыю, сапраўдны поспех амаль гарантаваны. Таму раім вам новы серыял «Мядзведзь».

16.07.2022 / 14:31

Фота: FX

Малады і таленавіты шэф-повар Кармэн Берзата з вопытам працы ў найлепшых рэстаранах свету вяртаецца дадому ў Чыкага. Там яго чакае не ўстанова з зоркамі Мішлен, а нешта больш сціплае — кавярня з сэндвічамі, што раней належала яго памерламу брату, піша Variety.

У спадчыну Кармэну дастаюцца і былыя супрацоўнікі брата: крэатыўны пекар Маркус, непахісны кухар Эбрахайм і мясцовы крыкун Рычы. Ёсць таксама рознарабочы Ніл і асцярожная асістэнтка повара Ціна — з кожнай серыяй вы будзеце даведвацца нешта новае пра іх.

Усёй гэтай кампаніі не так проста звыкнуцца з новым шэф-поварам і яго вопытам працы ў топавых нью-ёркскіх рэстаранах. Сітуацыя выглядае яшчэ больш безнадзейнай праз тое, што памерлы брат Кармэна павінен іх дзядзьку сотні тысяч даляраў.

У гэтым серыяле вы не ўбачыце так званага «харчовага порна» — апетытна згатаванай ці сервіраванай ежы. Затое, калі вам цікава, як зрабіць добры сэндвіч, колькі захаплення трэба ў яго ўкласці і які шлях ён праходзіць падчас гатавання, «Мядзведзь» раскажа.

Раней свет ужо бачыў серыялы пра тое, як працуюць рэстараны, але ж «Мядзведзь» перадае ўвесь стрэс, праз які пастаянна праходзяць супрацоўнікі такіх устаноў. Дэдлайны, неаплачаныя рахункі, няпоўныя аптовыя заказы — усё гэта абрынецца на вас ужо ў першыя пяць хвілін серыяла.

Кухня кавярні Берзаты — гэта месца, дзе жыве сапраўдная какафонія з крыкаў «так, шэф», дзе пад кіраўніцтвам патрабавальнага шэфа працуе кучка перфекцыяністаў. І ў гэтага серыяла не адняць таго, як дакладна ён адлюстроўвае адрэналін існавання прафесійнай кухні, фінансавую ненадзейнасць такога бізнэсу і жаданне падпарадкавацца гэтаму рытму жыцця, нягледзячы ні на што.

«Мядзведзь» — тое рэдкае тэлешоу, у якім амаль не знайсці рамантыкі, што, магчыма, дазваляе яго стваральнікам больш сканцэнтравацца на працоўнай атмасферы кухні. І ёсць у ім нешта, што немагчыма падрабіць: адчуванне праўдападобнага голаду, які прымушае вас жадаць усё больш і больш.

Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:

IMDB — 8,5/10,

Rotten Tomatoes — 100%.

Што паглядзець: «Шэрвуд» — адзін з найлепшых дэтэктываў за апошні час

Што паглядзець. «Апошнія дні Пталемея Грэя» — як аддаць усё за месяц звычайнага жыцця

Nashaniva.com