«Паляшучка з ненапісанай казкі». Расказваем пра жанчыну, якой прысудзілі калонію за зварот у Следчы камітэт
Нядаўна Людміле Рамановіч прысудзілі паўтара года калоніі за два словы, напісаныя ў звароце пра Лукашэнку. «Мне няма ў каго прасіць прабачэння, апроч маіх дзядоў», — казала ў судзе 57-гадовай маларытчанка.
15.07.2022 / 09:52
Людміла Рамановіч. Фота: сацсеткі
Людміла працавала раней інжынерам пераважна ў дзяржаўных структурах: райвыканкам, банк. Нейкі час правяла ў прыватнай будаўнічай фірме.
Яна актывістка Партыі БНФ і былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
«Людміла вельмі працавітая жанчына, — кажа яе прыяцель. — Марнаваць час не для яе. Асноўны занятак — гэта хатняя творчасць: вышыванне, роспіс па шкле, Біблія. Яна чалавек актыўны па жыцці, з пачуццём справядлівасці, акуратыстка.
Вельмі любіць прыроду. У аснове яе светапогляду ляжыць культура беларускага Палесся са сваімі звычаямі, павагай да ўсяго жывога і асяроддзя яго існавання. Лес для яе бажаство. Ідучы ў грыбы, яна бярэ з сабою сімвалічныя дары, каб папрасіць у лесу яго скарбаў. Паляшучка з ненапісанай казкі».
На Рамановіч завялі крымінальную справу за зварот у СК — па артыкуле 368 («абраза прэзідэнта»). Хаця сябры мяркуюць, што ціск на маларытчанку пачалі праз яе антываенны зварот да Лукашэнкі. Гэты ліст яна даслала на пачатку сакавіка на сайт яго Адміністрацыі. Жанчына выказала пратэст супраць магчымага ўдзелу Беларусі ў вайне і патрабавала вывесці з нашай тэрыторыі расійскія войскі.
Людміла Рамановіч. Фота: сацсеткі
Зварот жа ў СК Людміла пісала раней, бо следчыя выклікалі яе па незразумелай для яе справе.
«Гэта яе раззлавала і падштурхнула напісаць скаргу ў СК. Асноўны пасыл звароту быў такі — каб займаліся сапраўднай працай, а не непатрэбшчынай, — кажа іншы сябра жанчыны. —
Абразу Лукашэнкі ўбачылі ў слове «узурпатар». А таксама выразе «як шалёны, бярэ крэдыты». Берасцейская экспертыза пераклала слова на рускую, як «бешеный». Здзіўляе сам факт перакладу слова з дзяржаўнай беларускай мовы на рускую. Быццам у судова-прававой сістэме працуюць людзі, якія абсалютна не ведаюць дзяржаўнай мовы».
У апошнім слове перад прысудам Людміла казала:
«Мне няма ў каго прасіць прабачэння. Адзіныя, каго прашу мяне прабачыць — гэта мае дзяды, адзін з якіх загінуў падчас вайны на тэрыторыі Польшчы, а другі быў раскулачаны і асуджаны да лагера. Я прашу ў іх прабачэння за тое, што за ўвесь час нармальнай дэмакратычнай краіны мы так і не пабудавалі».