Кавід вяртаецца. Усяму віной новыя штамы, і вось іх сімптомы

Пандэмія не дае пра сябе забыць — колькасць выпадкаў кавіду ў свеце зноў пайшла ўверх. За гэта адказныя новыя штамы хваробы пад назвай BA.4 і BA.5. Прачытайце, якія сімптомы могуць на іх указваць.

12.07.2022 / 15:51

Фота: pixabay.com

Новыя штамы кавіду часцей за ўсё праяўляюцца сімптомамі, падобнымі да прастуды. Гэта насмарк, боль у горле, галаўны боль, устойлівы кашаль і стомленасць. Пра ліхаманку кажуць менш чым траціна апытаных пацыентаў.

Пры гэтым ў штаму ВА.5 ёсць некалькі ўнікальных сімптомаў, якія адрозніваюць яго ад папярэдніка. Размова ідзе пра страту нюху і пра звон у вушах. Эксперты прапануюць ставіцца да гэтых праяваў хваробы вельмі сур’ёзна: магчыма, яны азначаюць, што хвароба закранула вобласць арганізма блізка да галаўнога мозга.

Ёсць яшчэ адзін сімптом, які сведчыць пра заражэнне штамам ВА.5 — гэта начная патлівасць. Пацыенты з такой версіяй кавіду пацеюць так моцна, што іх піжамы і пасцельная бялізна часам цалкам прамакалі.

Новыя штамы распаўсюджваюцца больш хутка, чым папярэднія. У той жа час няма сведчанняў, што хвароба, выкліканая ім, працякае больш цяжка ў параўнанні з мінулымі падварыянтамі кавіду.

На думку дактароў, лепшы спосаб спыніць з’яўленне новых штамаў — гэта вакцынацыя, у тым ліку і ўвядзенне бустарных прышчэпак. Чым больш людзей прайшлі поўны курс вакцынацыі, тым менш у віруса магчымасцей распаўсюджвацца і муціраваць.

Хочаце менш хварэць? Эксперты назвалі кавідныя звычкі, якіх варта прытрымлівацца ўвесь час

Навукоўцы расказалі, якія рызыкі для здароўя нясе паўторнае заражэнне кавідам

Nashaniva.com