Расследаванне: «Справа траўматолагаў» дапамагла бізнэсу сяброўкі сям'і Лукашэнкі
Вясной пасля гучнай «справы траўматолагаў» беларускія ўлады забаранілі дзяржаўным бальніцам праводзіць платныя аперацыі па замене каленных ды тазасцегнавых суставаў. І без таго велізарныя чэргі пацыентаў расцягнуліся на гады. Адзінай прыватнай клінікай, якая мае дазвол праводзіць падобныя аперацыі, засталася клініка «Мерсі». Замяніць сустаў у клініцы каштуе нашмат даражэй, чым гэты было ў дзяржаўных бальніцах.
12.07.2022 / 16:56
Клініка «Мерсі». Фота: Yandex.by
Людміла Няронская, чыя клініка «Мерсі» стала манапалістам на беларускім рынку эндапратэзавання, мае цесныя сувязі з сям'ёй Віктара Лукашэнкі. Гэта высветлілі журналісты «Беларускага расследавальнага цэнтра» (БРЦ).
Вывучыўшы базу пералётаў ад «Кіберпартызанаў», яны даведаліся: падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў ААЭ у 2019 годзе Людміла Няронская і жонка Віктара Лукашэнкі Лілія разам з дзецьмі таксама адправіліся ў Дубай. А назад у Мінск яны вярталіся ўжо на адным бізнэс-джэце з Віктарам Лукашэнкам і супрацоўнікам Службы бяспекі Валерыем Дзенісюком.
Акрамя гэтага, дзеці Няронскай і Ліліі Лукашэнкі разам вучацца ў мінскай гімназіі №16. А старэйшая дачка Ліліі і Віктара Лукашэнкі Вікторыя летам 2021 года выйшла замуж за Дзмітрыя Дзятлава, які праходзіў пераддыпломную практыку на прадпрыемстве «Захадтрансэкспедыцыя», дзе дырэктарам з'яўлялася таксама Людміла Няронская.
Клініка «Мерсі», доля ў якой належыць Няронскай, адзіная ў Беларусі працягвае ставіць імпартныя пратэзы. Дзяржаўныя клінікі спынілі такія аперацыі пасля гучнай «справы траўматолагаў», па выніках якой у красавіку гэтага года былі затрыманыя 35 чалавек, медустановы падвергліся пазапланавым праверкам, а ў некаторых нават прыпынілі ліцэнзіі.
У «Мерсі» імпартныя суставы ставяць па цэнах ў тры разы вышэйшых, чым у дзяржаўных бальніцах: з пацыентаў у прыватнай клініцы бяруць да 8000 даляраў.
Муж сястры Алексіна Алег Герасім актыўна развівае яшчэ адзін медыцынскі бізнэс, цэнтр «Неа», высветліў Беларускі расследавальны цэнтр.
Першая клініка адкрылася некалькі гадоў таму ў Мінску. Прапануюць у ёй фізіятэрапію, мануальную тэрапію, іголкаўколванне, кансультацыі спецыялістаў.
Другую клініку «Неа» нядаўна пабудавалі каля лечкамісіі ў Ждановічах пад Мінскам на месцы былой гразелячэбніцы.
З восені гэтага года ў новай клініцы плануюць праводзіць аперацыі з артраскопам на суставах, у прыватнасці такія працэдуры, як рэканструкцыя сустаўнага храстка і пашкоджанага меніска.
Абедзве клінікі належаць прыватнай кампаніі «Неанафта», якой разам з Алегам Герасімам валодаюць Лідзія Ушакова і Алег Пятроў. Як высветлілі журналісты БРЦ, Ушакова і Пятроў — былыя супрацоўнікі кампаній алігархаў Алексіна і Вараб'я.