«З-за беларускіх сілавікоў і пачалася вайна». Алімпіец-дзюдаіст раней служыў у Пагранкамітэце, а стаў бежанцам у Германіі

Былы дзюдаіст і ўдзельнік Алімпіяды-2016 Дзмітрый Шэршань пасля выбараў працаваў ахоўнікам у клубе гульнявых аўтаматаў. Атлет страціў месца ў зборнай і працу ў Пагранкамітэце за падтрымку руху за свабодныя выбары і асуджэнне гвалту. Спыталіся ў дзюдаіста, як ён жыве цяпер.

17.07.2022 / 10:26

Фота: sportnaviny.com

«Заўсёды прытрымліваўся думкі пра тое, што самы цёмны час — перад світанкам»

Пасля ад’езду з Радзімы Дзмітрый Шэршань асеў у нямецкім Дуйсбургу. Працуе трэнерам у звычайным спартовым клубе з дзецьмі рознага ўзросту. Задачы ставіць сабе высокія: «Не жадаю проста боўтацца і вучыць дзяцей куляцца, а хацеў бы ўзяць са сваімі падапечнымі прэстыжны медаль, напрыклад, на Алімпіядзе, на чэмпіянаце свету ці Еўропы. Магчыма, у тым, дзе не рэалізаваўся як спартсмен, навярстаць страчанае за кошт іншых».

Уласную кар’еру спартсмена Шэршань скончыў у сярэдзіне 2021 года, калі зразумеў, што не здолее трапіць на Алімпіяду ў Токіа. Пасля прэзідэнцкіх выбараў — 2020 дзюдаіст падпісаў ліст спартсменаў за сумленныя выбары і выступіў супраць дзейнага рэжыму. Хутка пасля гэтага яго звольнілі з нацыянальнай каманды і са службы ў памежным камітэце.

Так мужчына застаўся без сродкаў да існавання як для сябе, так і для сваёй сям’і, у якой расце маленькае дзіця. Каб зарабляць, пайшоў на працу ахоўнікам у клуб гульнявых аўтаматаў, нягледзячы на свой статус вядомага спартсмена. Было складана.

«Адчуваў сябе некамфортна. Але лічу, што ўсе працы патрэбныя і ўсе працы важныя, няма нічога страшнага ў тым, каб працаваць дворнікам, нават калі іншыя ездзяць на крутых машынах. Рукі-ногі ёсць — пражывеш, калі жадаеш».

Пасля выбараў, калі Дзмітрыя звольнілі адусюль, ён працягваў трэніравацца самастойна і нават думаў прабіцца на Алімпіяду.

«У верасні пачаўся наш рух [сумленных спартсменаў], і ўжо ў маі [2021 года] стала зразумела, што я не паеду на Гульні. Мне дапамагаў Фонд спартыўнай салідарнасці, дапамагалі простыя людзі, і за кошт гэтага я здолеў выехаць на некалькі турніраў. На апошні адборачны [да Алімпіяды] турнір я не трапіў, бо захварэў на кавід», — дзеліцца дзюдаіст.

Фота тут і далей: архіў Дзмітрыя Шэршаня

Далей працягваць самастойныя трэніроўкі было ўжо складана, і Дзмітрый вырашыў, што на гэтым варта паставіць кропку ў кар’еры. На спартыўнай форме адбіліся таксама шматлікія траўмы, атрыманыя за мінулыя гады.

Сумная гісторыя змагання з імі пачалася для Шэршаня пасля Алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра, калі ён накіраваўся на айчынны чэмпіянат краіны. На ім дзюдаіст сур’ёзна траўмаваў руку, вельмі доўга аднаўляўся. Як толькі рука пачала трохі прыходзіць у парадак, вырашылі разам з трэнерскім штабам паехаць на чэмпіянат свету, але, верагодна, трохі паспяшаліся:

«Паехалі на зборы, і на першай жа трэніроўцы я зламаў дзве рабрыны. Адна траўма, другая, у псіхалагічным плане ўсё накладаецца. Дык і мне ж ужо не 20 гадоў, у маім узросце зусім не так хутка аднаўляешся і не цалкам вяртаешся — ужо не такая моцная рука, не тая цяга ў ёй».

Адзін за адным у Дзмітрыя пайшлі турніры, дзе ён прайграваў у першых дзвюх схватках. Размова ішла пра супернікаў, з кім раней яму не трэба было і 30 секунд, каб скончыць бой перамогай. Былі думкі скончыць кар’еру, бо нічога не атрымоўвалася, ды яшчэ і фізічна было дужа цяжка. Але ж спартсмен выбраў для сябе кантрольны старт — чэмпіянат Еўропы, паехаў на яго і ўзяў медаль, адзіны з каманды.

Шэршань прызнаецца: «Думаў тады, што ўжо стары і не выцягваю. Калі ты прайграеш тым, з кім раней амаль і не змагаўся, гэта вельмі вялікі ўдар па самалюбстве. Цяжка, калі ў цябе проста ўсё сыходзіць з рук і ты гэта бачыш. Але сабраўся і перацярпеў, мне вельмі дапамог трэнер — часам ён, магчыма, верыў у мяне больш, чым я сам. Я заўсёды прытрымліваўся думкі пра тое, што самы цёмны час — перад світанкам, і зараз яе прытрымліваюся».

Песімістаў Дзмітрый разумее і не асуджае, тым больш у становішчы, калі ўсе грамадска актыўныя беларусы ўжо два гады жывуць у вялікім стрэсе. То і не дзіва, што людзі не жадаюць ні бачыць, ні чуць нічога пра тое, што адбываецца ў краіне, не тое што змагацца далей. Але ж гэта не прычына, мяркуе дзюдаіст, сябе занадта берагчы:

«Я разумею жаданне схавацца, але ёсць людзі, якім зараз нашмат больш цяжка, чым нам. Ёсць тыя, хто зараз гіне, каго забіваюць ва ўласных дамах, і зараз не час шкадаваць сябе. Самы цёмны час — перад світанкам, і гэта не нейкая сляпая вера ў лепшае. Проста супастаўляеш факты і робіш высновы. Гляджу на гісторыю — а яна цыклічная — і бачу, што гэта ўсё ўжо было і скончылася, і зараз таксама скончыцца. Мы праходзілі гэта яшчэ на прыкладзе Савецкага Саюза, бачылі ўсе гэтыя наратывы ў духу «супраць нас увесь свет», але ж усё змянілася, і зараз усё зменіцца».

«У Германіі беспрацоўны можа жыць лепш, чым у Беларусі чалавек з працай і з вышэйшай адукацыяй»

Восенню 2021 года Шэршаню давялося з’ехаць з краіны, як ён кажа, з адным заплечнікам. Дзмітрыю пазванілі сілавікі і выклікалі на размову ў ГУБАЗіК, мужчына адмовіўся прыйсці, тады яму паабяцалі перадаць позву: «На наступны дзень мне ледзь не выламалі дзверы, каб уручыць гэтую паперу. Спытаў, па якой падставе выклікаюць, мне адказалі, што пакажуць пару фота. Зразумеў, што магу адтуль ужо не выйсці, таму максімальна хутка прыняў рашэнне з’ехаць. Наш Фонд спартыўнай салідарнасці пазней прызналі экстрэмісцкім, так што рана ці позна мяне ўсё адно за нешта закрылі б».

У 2020 годзе дзюдаіст лічыўся супрацоўнікам памежнага камітэта і нават падумваў пасля заканчэння кар’еры працаваць трэнерам у спартыўнай камандзе пры ім. Зараз гэта ўжо немагчыма, ды і стаўленне да былых калег у Шэршаня дрэннае, як і да ўсіх сілавікоў.

І вось чаму: «Тое, што рэжым застаўся ва ўладзе — гэта ў першую чаргу заслуга сілавікоў, магчыма, і праз гэта пачалася вайна. Ёсць тэорыя, што калі б пратэстоўцы перамаглі ў 2020-м, расійскія войскі былі б на нашай тэрыторыі, але ж гэта толькі тэорыя. Лічу, што калі б у Беларусі былі іншыя людзі ва ўладзе, ніхто б не надаў тэрыторыю для нападу на Украіну, можа, і вайны тады не было б».

Дзмітрый — адзіны беларускі дзюдаіст-мужчына, які прывозіў за апошнія восем гадоў медаль з афіцыйных стартаў, мае рэкорд. Пакуль лепшых за яго ў краіне няма, і малаверагодна, што хутка будуць: «Але ж зараз такі час, што наўрад ці будуць вялікія новыя дасягненні. Адкуль ім узяцца, калі беларусы не ездзяць на міжнародныя турніры? Ёсць спартсмены, ёсць трэнеры, але няма спаборніцтваў».

Пасля пачатку вайны ва Украіне пра Дзмітрыя распавядаў у інтэрв’ю яго сябар, славуты ўкраінскі дзюдаіст Георгій Зантарая. Ён назваў Шэршаня адзіным беларускім дзюдаістам, які пасля пачатку вайны падтрымаў яго.

Дзмітрыя гэта не здзіўляе, ён тлумачыць: той з дзюдаістаў, хто жадаў не маўчаць, ужо даўно выказаўся публічна пра вайну. Але ж спартсмен спадзяецца, што сярод яго былых калег усё-такі няма тых, хто б падтрымліваў баявыя дзеянні ва Украіне. І прыводзіць супрацьлеглы прыклад: «Калі мне давялося збягаць з Беларусі, Геа [Зантарая], напэўна, адзіны мяне падтрымаў з усіх калег па спартовым цэху, ён адзіны мне пазваніў. Усе астатнія проста пісалі незразумелыя паведамленні, калі ўжо прайшоў нейкі час. Не ведаю, чаму яны тады не падтрымалі мяне і зараз не падтрымалі Геа».

І гэта пры тым, што беларускія і ўкраінскія дзюдаісты добра знаёмыя. Разам яны шмат трэніраваліся, спаборнічалі, адпачывалі на зборах. Дзмітрый кажа, у яго не выклікае пытання тое, што беларускія спартсмены не выказваліся пра вайну публічна, але ж яны дакладна маглі неяк падтрымаць калег у асабістых размовах.

Шэршань прызнаецца, што сумуе па Беларусі — і па людзях, і па доме. Германію ён называе зусім іншым светам у параўнанні з Беларуссю. Тлумачыць, што там чалавек можа знаходзіцца на самым сацыяльным дне, быць беспрацоўным, але пры гэтым ён будзе жыць лепш, чым у Беларусі жыве чалавек з працай і з вышэйшай адукацыяй. У беспрацоўнага немца будзе кватэра, а то і не адна.

Германія і Беларусь — гэта нібыта розныя вагавыя катэгорыі, калі казаць пра ўзровень жыцця, але ж і людзі ў гэтых краінах розныя. Дзмітрый гэта бачыць так:

«Разумею, якія людзі тут і якія — у Беларусі. Упэўнены ў тым, што нашы нічым не горшыя за немцаў, а то і лепшыя за іх, і калі б у нас была магчымасць стабільна развівацца, усё ў Беларусі было б яшчэ лепей, чым у Германіі. Я не хачу, каб у нас было, як у Германіі, Італіі ці Амерыцы, жадаю, каб у нас было, як у Беларусі, толькі зусім па-іншаму. Крыўдна за беларусаў, крыўдна, што нам дасталася такая ўлада і такая сістэма. У нас насамрэч таленавітыя, разумныя і вельмі здольныя людзі, гэта наша багацце, як у кагосьці нафта».

«Рана ці позна, але ўсё адно прыйдзецца выбраць бок»

На трэнерскую працу дзюдаіст глядзіць з аптымізмам. Тут можа дапамагчы і досвед, бо Дзмітрый змагаўся на вельмі высокім узроўні, і тое, што ён толькі нядаўна сышоў з дывана і добра адчувае барацьбу, ведаю, што і як трэба рабіць.

Паралельна з гэтым Дзмітрый зараз супрацоўнічае з Фондам спартыўнай салідарнасці. Займаецца Антываеннай дэкларацыяй спартсменаў, стараецца пашыраць інфармацыю пра яе, каб ахвотныя атлеты маглі яе падпісаць. Потым фонд плануе накіраваць дэкларацыю ў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Што далей чакае дакумент? Шэршань тлумачыць: «Спадзяюся, дэкларацыя стане інструментам для дапушчэння ці недапушчэння спартсменаў Расіі і Беларусі на спаборніцтвы. Мы выступаем за тое, каб не адхіляць атлетаў ад турніраў проста па прыкмеце грамадзянства. Калі ты не згодны з вайной, можаш гэта пацвердзіць тым, што падпішаш нашу дэкларацыю — так ты выкажашся супраць усяго, што зараз адбываецца. І тады, магчыма, гэта ў будучыні паўплывае на наяўнасць ці адсутнасць для цябе бану на спаборніцтвах».

У інстаграме Шэршаня ёсць фота з паралімпійцам Аляксеем Талаем, зробленае ў канцы ліпеня 2020 года. Зараз спартсмены па розныя бакі барыкад: Аляксей Талай не толькі актыўна падтрымлівае дзейную ў Беларусі ўладу, але і аказвае дапамогу так званым «ДНР» і «ЛНР».

Дзмітрый пра сустрэчу з Талаем памятае, але кажа, што тады меркаваў, нібыта ў паралімпійца іншыя погляды: «Я ў любым выпадку стаўлюся да Аляксея як да чалавека, які здолеў пераадолець вялікія складанасці ў жыцці, але калі казаць пра яго грамадзянскую пазіцыю, тут мы па розныя бакі. Прычым Аляксею ж таксама дапамагалі, ён не адзін спраўляўся са сваімі праблемамі са здароўем, ездзіў аднаўляцца ў Еўропу. Не разумею яго цяперашнія слоўныя выпады, здаецца, што ў гэтага чалавека ў галаве два светы і ён крыху адарваны ад рэальнасці. Так, некаторыя моманты з яго біяграфіі мяне матывавалі і выклікалі захапленне, але ж ўражанне аказалася дваістае».

Практычна ўсе блізкія сябры Дзмітрыя ў 2020 годзе праявілі неабыякавасць да паслявыбарчых падзей, і для яго гэта знак, што ён выбраў правільнае кола камунікацыі.

Прызнае, што не можа нікога заклікаць пратэставаць публічна, бо не для ўсіх гэта бяспечна, але і не здымае ні з кога адказнасці. Мяркуе, што калі ты сапраўды лічыш, што адбываецца нешта неправільнае, ты павінен пра гэта сказаць, бо калі ты будзеш маўчаць, усе тыя рэчы працягнуцца. І потым ніхто цябе не падтрымае, калі нешта здарыцца з табой.

Праз сваю актыўнасць Шэршань сутыкаўся з непаразуменнем у сям’і — былі пытанні са старэйшым пакаленнем: «Яны, здаецца, і былі са мной ва ўсім згодныя, проста вельмі турбаваліся наконт таго, што са мной можа здарыцца, чаго я магу пазбавіцца. Калі бацька ці маці трывожацца пра сваё дзіця, гэта зразумела. Маўляў, не трэба рызыкаваць, варта паглядзець, што будзе далей».

Але, лічыць спартсмен, кожны павінен сам за сябе прымаць рашэнне, тым больш у такіх справах. Рана ці позна, але ўсё адно прыйдзецца выбраць бок:

«Ідзе вайна ў цэнтры Еўропы, і наша краіна ўжо ўцягнутая ў гэты канфлікт. Ёсць разуменне, што Лукашэнка нічога не вырашае, і можа здарыцца нейкі крытычны момант для краіны, калі яна будзе больш актыўна прымаць удзел у гэтай вайне. Для шматлікіх маладых, ды і не надта маладых людзей гэта вельмі рэальная перспектыва. Тут трэба кіравацца не ўзвышанымі словамі, а проста падумаць пра сваё жыццё і здароўе».

«Бацька пытаўся, ці не прыгнятаюць мяне нацысты». Лёгкаатлет Андрэй Краўчанка — пра цэны і звычаі ў Германіі, крыўдны бан і баязліўцаў у КДБ

За амерыканскую футбалістку гатова было прагаласаваць больш людзей, чым за Трампа. Пяць прычын сур’ёзна ставіцца да жаночага футбола

Nashaniva.com