Moody's аб'явіла пра дэфолт Беларусі па еўрааблігацыях
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва разглядае выплаты па знешнім доўгу Беларусі ў рублях як дэфолт. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
15.07.2022 / 02:21
29 чэрвеня Мінфін Беларусі аб’явіў, што выплаты па аблігацыях Belarus-2027 былі праведзеныя ў беларускіх рублях згодна з рашэннем уладаў Беларусі. У той жа дзень рэйтынгавае агенцтва Fitch папярэдзіла, што калі плацяжы па еўрааблігацыях Belarus-27 не будуць выкананыя ў адпаведнасці з першапачатковымі ўмовамі да 13 ліпеня, то гэта будзе лічыцца дэфолтам.
12 ліпеня Мінфін Беларусі заявіў, што лічыць сітуацыю форс-мажорнай і вымушаны выбіраць альтэрнатыўныя варыянты выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях, а дзеянні Fitch дэманструюць «суб'ектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Беларусі».
Цяпер у абарачэнні знаходзяцца пяць выпускаў беларускіх еўрабондаў на агульную суму 3,25 мільярда даляраў. Апошнія аблігацыі былі выпушчаныя ў чэрвені 2020 года на 5 гадоў на 500 мільёнаў даляраў пад 6,125% і на 10 гадоў на 750 мільёнаў даляраў пад 6,375%.